﻿ПСАЛЬМЫ.
21.
Кіраўніку хору. Псальм Давіда. 
ГОСПАДЗЕ! У моцы Тваёй будзе радавцца валадар, у збаўленьні Тваім ён вельмі ўсьцешыцца. 
Ты даў яму жаданьне сэрца ягонага, і просьбам вуснаў ягоных Ты не адмовіў. (Сэлях.) 
Бо Ты сустрэў яго дабраслаўленьнем дабра, усклаў яму на галаву карону з найчысьцейшага золата. 
Жыцьцё ён прасіў у Цябе, Ты даў яму доўгасьць дзён на вякі вечныя. 
Вялікая слава ягоная у збаўленьні Тваім; годнасьць і веліч Ты ўзлажыў на яго. 
Бо Ты даў яму дабраслаўленьне вечнае, Ты разьвесяліў яго радасьцю перад абліччам Тваім. 
Бо валадар спадзяецца на ГОСПАДА і праз міласэрнасьць Найвышэйшага не пахісьнецца, 
Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе тых, якія ненавідзяць Цябе. 
Ты зробіш з іх печ вогненную у час зьяўленьня аблічча Твайго; ГОСПАД у гневе Сваім выгубіць іх, і агонь зжарэ іх. 
Ты зьнішчыш плод іхні на зямлі і насеньне іхняе — спасярод сыноў чалавечых. 
Бо яны кнулі ліхое супраць Цябе, надумалі зламыснае, якое не змаглі зьдзейсьніць, 
бо Ты павернеш іх наўцёкі, нацягнеш лук Твой супраць твару іхняга. 
Узьніміся, ГОСПАДЗЕ, у моцы Тваёй! Мы будзем сьпяваць і выслаўляць магутнасьць Тваю. 
