﻿ПСАЛЬМЫ.
16.
Залатая песьня Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я ў Табе маю надзею. 
Кажу я да ГОСПАДА: “Ты – Госпад мой; добрасьць мая нішто перад Табою”. 
Да сьвятых, якія на зямлі, і да слаўных Тваіх, да іх усё імкненьне маё. 
Памножацца прыкрасьці ў тых, што сьпяшаюцца за чужым богам; я ня буду выліваць ахвяры іх крывавае, ані імёнаў іхніх браць у вусны мае. 
ГОСПАД – частка долі маёй і келіху майго; Ты трымаеш лёс мой. 
Шнуры мае выпалі ў цудоўных мясьцінах, і спадчына прыемная для мяне. 
Буду дабраслаўляць ГОСПАДА, Які радзіць мне, і ўначы ўшчуваюць мяне ныркі мае. 
Маю я ГОСПАДА перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся. 
Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё і радуецца слава мая, нават цела маё супачыне бясьпечна, 
бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятомуТвайму ўбачыць парахненьне. 
Ты дасі мне ведаць шлях жыцьця; перад абліччам Тваім поўня радасьці, праваруч Цябе раскоша заўсёды. 
