﻿ПСАЛЬМЫ.
10.
Чаму стаіш здалёк, ГОСПАДЗЕ, хаваешся ў часе трывогі? 
Бязбожнік у пыхлівасьці сваёй перасьледуе ўбогага; няхай будзе ён схоплены ў зламыснасьці, якую надумаў. 
Бо хваліцца бязбожнік у пажаданьнях душы сваёй, і дабраслаўляе хціўца, і грэбуе ГОСПАДАМ. 
Бязбожнік у ганарыстасьці гневу свайго не шукае Бога. “Няма Бога!” — усе думкі ў яго. 
Шляхі ягоныя пасьпяховыя ва ўсякі час; суды Твае высока аддалёныя ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх грэбліва дзьмухае ён. 
Ён гаворыць у сэрцы сваім: “Я не пахіснуся, з пакаленьня ў пакаленьне ліха ня будзе ў мяне”. 
Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, ашуканства і здрады; пад языком у яго — ліхота і злачынства. 
Ён сядзіць у засадзе на загуменьнях, у таемным месцы забівае нявіннага; вочы ягоныя сочаць за нешчасьлівым, 
ён пільнуе ў засадзе, быццам леў у схове сваім; пільнуе, каб схапіць убогага; хапае ўбогага, уцягваючы яго ў сваю сетку; 
ён згінаецца, туліцца да зямлі, і ад моцы ягонае гіне шмат нешчасьлівых. 
Ён кажа ў сэрцы сваім: “Бог забыўся, схаваў аблічча Сваё, ня ўбачыць ніколі!” 
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, Божа! Узьнімі руку Тваю, не забывайся пра ўцісканых! 
Чаму бязбожнік пагарджае Богам, кажучы ў сэрцы сваім: “Ты ня будзеш шукаць гэтага”? 
Але Ты бачыш, Ты глядзіш на ліхоту і гора, каб даць аднагароду рукою Сваёю. Табе пакідае свой лёс нешчасьлівы; Ты быў дапамогай сіраце. 
Зламай рамяно бязбожніку і ліхотніку, шукай беззаконьне ягонае, каб больш яго было нельга знайсьці. 
ГОСПАД — Валадар на вякі вечныя; пагане счэзнуць з зямлі Ягонай. 
Ты пачуў жаданьне ўцісканых, ГОСПАДЗЕ! Ты ўмацуеш сэрцы іхнія, Ты прыхіліш вуха Тваё, 
каб даць суд сіраце і пакрыўджанаму, каб больш не палохаў іх чалавек на зямлі! 
