﻿ПСАЛЬМЫ.
8.
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Псальм Давіда. 
ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая ўзьнесеная па-над нябёсы! 
З вуснаў немаўлятаў і тых, што пры грудзях, Ты заснаваў умацаваньне супраць ненавісьнікаў Тваіх, каб спыніць ворага і мсьціўцу. 
Калі я гляджу на неба Тваё, твор пальцаў Тваіх, на месяц і на зоркі, якія Ты паставіў, 
я думаю: “Што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты наведваеш яго? 
Ня шмат Ты паменшыў яго перад анёламі*, і славай і веліччу ўкаранаваў Ты яго, 
і даў яму панаваць над творамі рук Тваіх, і ўсё Ты паклаў пад ногі яму: 
авечак і валоў усіх, і зьвяроў палявых, 
птушак у небе, і рыбаў у моры, і ўсё, што ходзіць сьцежкамі марскімі. 
ГОСПАДЗЕ, Госпадзе наш! Якое слаўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! 
