﻿ПСАЛЬМЫ.
7.
Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна. 
ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне, 
каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць! 
ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх, 
калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны, 
тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай ўтопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях) 
Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, што ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў! 
І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні. 
ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне! 
Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага, Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны! 
Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам, 
у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень на бязбожніка. 
Калі той не навернецца, Ён вострыць Свой меч, нацягнуў Свой лук і прыгатаваў, 
і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі. 
Вось, бязбожнік зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню. 
Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, што зрабіў. 
Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная. 
Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага. 
