﻿БЫЦЬЦЁ.
44.
I загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: “Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага; 
А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае”. I ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў. 
Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх. 
Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: “Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: ‘Чаму вы адплацілі ліхам за дабро? 
Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы’”. 
І ён дагнаў іх і прамовіў ім гэтыя словы. 
А яны сказалі: “Навошта пане мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб ўчыніць гэткія рэчы. 
Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы зьвярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата? 
У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго”. 
І ён сказаў: “Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя”. 
І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой. 
А ён шукаў, пачаў ад найстарэйшага і скончыў наймалодшым; і знайшоў келіх ў мяху Бэн’яміна. 
I разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі мяхі кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад. 
I прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, і ён яшчэ быў там, і ўпалі перад абліччам яго на зямлю. 
I сказаў ім Язэп: “Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?” 
I сказаў Юда: “Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх”. 
I сказаў Язэп: “Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе маім нявольнікам, а вы ўзыходзьце ў супакою да бацькі свайго”. 
I наблізіўся да яго Юда, і сказаў: “Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон. 
Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: ‘Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?’ 
І мы сказалі пану нашаму: ‘Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці ягонае малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго’. 
I ты сказаў слугам тваім: ‘Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго’. 
І мы сказалі пану майму: ‘Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ’. 
I сказаў ты слугам тваім: ‘Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё’. 
I сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго. 
I сказаў бацька наш: ‘Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня’. 
I мы сказалі: ‘Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі’. 
I сказаў нам слуга твой, бацька наш: ‘Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая. 
I адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: ‘Напэўна, ён разьдзёрты дзікім зьверам’, і я ня бачыў яго дагэтуль. 
І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і завядзіцё вы сівізну маю у горы ў апраметную’. 
І цяпер, як я прыйду да слугі тваго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай. 
I станецца, што ён убачыць, што няма хлапца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную. 
Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам ім, кажучы: ‘Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні’. 
I цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі. 
Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой”. 
