﻿БЫЦЬЦЁ.
42.
I ўбачыў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, і сказаў Якуб сынам сваім: “Што вы паглядаеце адзін на аднаго?” 
I сказаў: “Вось, я чуў, што ёсьць збожжа ў Эгіпце. Зыйдзіце туды і купіце для нас там, і будзем жыць, і не памрэм”. 
I зыйшлі дзесяць братоў Язэпавых купіць збожжа ў Эгіпце. 
А Бэн’яміна, брата Язэпа, не паслаў Якуб з братамі ягонымі, бо сказаў: “Каб не здарылася з ім няшчасьце”. 
I прыйшлі сыны Ізраіля купляць збожжа разам з тымі, што прыйшлі туды, бо быў голад у зямлі Ханаан. 
А Язэп кіраваў у той зямлі, ён продаў збожжа ўсім людзям зямлі. I прыйшлі браты Язэпа, і пакланіліся яму тварам да зямлі. 
I ўбачыў Язэп братоў сваіх, і пазнаў іх, і ўдаваў, што ён чужым ім, і размаўляў з імі сувора, і сказаў ім: “Адкуль вы прыйшлі?” I яны сказалі: “З зямлі Ханаан, каб купіць харчоў”. 
I пазнаў Язэп братоў сваіх, а яны не пазналі яго. 
I ўзгадаў Язэп сны, якія ён сьніў пра іх, і сказаў ім: “Шпегі вы, вы прыйшлі, каб агледзець голасьць зямлі гэтай”. 
I сказалі яны яму: “Не, пане; і слугі твае прыйшлі купіць харчаваньне. 
Усе мы — сыны аднаго чалавека, шчырыя мы. Не былі слугі твае шпегамі”. 
Але ён сказаў ім: “Не, бо вы прыйшлі агледзець голасьць зямлі гэтай”. 
А яны сказалі: “Дванаццаць слугаў тваіх, браты мы. Мы — сыны аднаго чалавека ў зямлі Ханаан, і вось, наймалодшы сёньня з бацькам нашым, а аднаго няма”. 
I сказау ім Язэп: “Гэта я сказаў вам, кажучы: ‘Вы — шпегі’. 
Таму будзеце выспрабаваныя. Няхай жыве фараон! Вы ня выйдзеце адгэтуль, пакуль ня прыйдзе сюды наймалодшы брат ваш. 
Пашліце аднаго з вас, і няхай ён возьме брата вашага; а вы будзеце ўвязьнены. I выспрабуюцца словы вашыя, ці праўда ваша. А калі не, няхай жыве фараон! Вы — шпегі”. 
I ўзяў іх пад варту на тры дні. 
I сказаў ім Язэп на трэйці дзень: “Гэта зрабіце, і будзеце жывыя. Бо я баюся Бога. 
Калі вы — шчырыя, адзін брат ваш застанецца ўвязьнены ў доме, у якім вы пад вартаю, а вы ідзіце, занясіце збожжа дзеля заспакаеньня голаду дамоў вашых. 
I брата вашага малодшага прывядзіце да мяне, і спраўдзяцца словы вашыя, і вы не памраце”. I яны зрабілі так. 
I казалі яны кожны брату свайму: “Сапраўды, мы вінаватыя адносна брата нашага, што мы бачылі гора душы ягонае, як ён маліў нас, але мы не паслухалі, і за тое прыйшла на нас бяда гэтая”. 
I адказаў ім Рубэн, кажучы: “Ці не казаў я вам, кажучы: ‘Не грашыце супраць хлопца’, і не паслухалі вы; і вось, кроў ягоная помсьціцца”. 
І яны ня ведалі, што Язэп разумее, бо паміж імі быў перакладчык. 
I адвярнуўся ад іх, і плакаў. I павярнуўся да іх, і размаўляў з імі, і ўзяў з іх Сымона, і зьвязаў яго перад вачыма іхнімі. 
I загадаў Язэп, каб напоўнілі мяхі іхнія збожжам, і вярнулі срэбра іхняе кожнаму ў мех ягоны, і далі ім ежу на дарогу. I зрабілі ім гэтак. 
І яны ўсклалі збожжа сваё на аслоў сваіх, і пайшлі адтуль. 
I разьвязаў адзін з іх мех свой, каб пакарміць асла свайго на папасе; і ўбачыў срэбра сваё, і вось, яно ў адтуліне мяха ягонага. 
I сказаў ён братам сваім: “Вярнулі срэбра маё, і вось, яно ў мяху маім”. I затрывожылася сэрца іхняе, і яны задрыжэлі, кажучы адзін аднаму: “Што гэта зрабіў нам Бог?” 
I прыйшлі яны да Якуба, бацькі свайго, ў зямлю Ханаан, і распавялі яму ўсё, што здарылася з імі, кажучы: 
“Гаварыў гэты чалавек, пан зямлі той, з намі сувора, і меў нас за шпегаў у зямлі той. 
I сказалі мы яму: “Шчырыя мы, мы не былі шпегамі. 
Нас дванаццаць братоў, сыны бацькі нашага; аднаго няма, а малодшы сёньня з бацькам нашым у зямлі Ханаанскай”. 
I сказаў гэты чалавек, пан зямлі той: “З гэтага я даведаюся, што вы шчырыя: аднаго брата вашага пакіньце ў мяне, а вы вазьміце збожжа дзеля заспакаеньня голаду дамоў вашых і ідзіце. 
I прывядзіце да мяне малодшага брата вашага; і я даведаюся, што вы ня шпегі, але шчырыя вы. Брата вашага аддам вам, і вы будзеце падарожнічаць у зямлі гэтай”. 
I сталася, калі яны высыпалі мяхі свае, вось, у кожнага капшук са срэбрам ягоным ў мяху ягоным. I ўбачылі яны капшукі са срэбрам сваім, яны і бацька іхні, і спалохаліся. 
I сказаў ім Якуб, бацька іхні: “Вы пазбавілі мяне дзяцей. Язэпа няма; і Сымона няма, і Бэн’яміна хочаце ўзяць. Усё гэта на мяне прыйшло!” 
I сказаў Рубіэн бацьку свайму: “Забі двух сыноў маіх, калі я не прывяду яго да цябе. Аддай яго ў рукі мае, і я вярну яго табе”. 
А ён сказаў: “Ня зыйдзе сын мой з вамі; бо брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся! Калі здарыцца з ім няшчасьце ў дарозе, у якую вы пойдзеце, вы зьвядзеце сівізну маю са смуткам у апраметную”. 
