﻿БЫЦЬЦЁ.
32.
А Якуб пайшоў дарогаю сваёй. I сустрэлі яго анёлы Божыя. 
I сказаў Якуб, убачыўшы іх: “Гэта табар Божы”. I назваў імя месца таго: Маханаім. 
I паслаў Якуб пасланцоў перад сабою да Эзава, брата свайго, у зямлю Сэір, на поле Едому. 
I загадаў ім, кажучы: “Гэтак скажаце пану майму Эзаву: “Так кажа слуга твой Якуб: У Лявана я жыў, і заставаўся аж дагэтуль. 
I сталася, што маю вала і асла, і авечку, і слугу, і нявольніцу, і я паслаў сказаць пану майму, каб знайсьці ласку ў вачах тваіх”. 
I вярнуліся пасланцы да Якуба, кажучы: “Мы прыйшлі да брата твайго, да Эзава, і ён таксама ідзе насустрач табе, і чатырыста чалавек з ім. 
I спалохаўся Якуб вельмі, і быў стрывожаны, і падзяліў людзей, якія былі з ім, і авечак, і валоў, і вярблюдаў на два табары, 
I сказаў: “Калі Эзаў прыйдзе на адзін табар і выб’е яго, табар, які застанецца, ўцячэ”. 
I сказаў Якуб: “Божа бацькі майго Абрагама і Божа бацькі майго Ісаака, ГОСПАДЗЕ, Ты сказаў мне: “Вярніся ў зямлю тваю, да родзічаў тваіх, і Я зраблю, каб было добра табе”. 
Я ня варты ўсёй міласэрнасьці і ўсёй праўды, якую Ты ўчыніў для слугі Твайго, бо я з кіем маім перайшоў Ярдан гэты, а цяпер стаю з двума табарамі. 
Выратуй, прашу, мяне з рукі брата майго, з рукі Эзава, бо я баюся яго, каб ён не прыйшоў, і не забіў мяне, і матак разам з сынамі. 
Ты сказаў: “Робячы дабро, буду рабіць дабро табе, і зраблю насеньне тваё як пясок марскі, якога нельга палічыць дзеля мноства яго”. 
I начаваў там у тую ноч, і ўзяў з таго, што прыйшло ў рукі яму, дары для Эзава, брата свайго: 
козаў дзьвесьце, казлоў дваццаць, авечак дзьвесьце і бараноў дваццаць, 
вярблюдзіцаў дойных з вярблюдзянятамі іхнымі трыццаць, кароў сорак і валоў дзесяць, асьліцаў дваццаць і асьлянят дзесяць. 
I даў у рукі слугам сваім кажную чараду асобна, і сказаў слугам сваім: “Перайдзіце перада мною, і трымаце адлегласьць паміж чарадой і чарадоў”. 
I загадаў першаму, кажучы: “Калі сустрэне цябе Эзаў, брат мой, і спытаецца ў цябе, кажучы: “Чый ты і куды ідзеш? І чыё гэта перад абліччам тваім?” 
ты скажаш: “Слугі твайго Якуба. Гэты дар пасланы пану майму Эзаву. І вось, таксама ён ідзе за намі”. 
І загадаў тое самае другому, і трэйцяму, і ўсім, якія ішлі за чародамі, кажучы: “Паводле словаў гэтых кажыце Эзаву, калі знойдзеце яго, 
і скажаце таксама: “Вось, слуга твой Якуб ідзе за намі”. Бо ён казаў: “Умалю аблічча ягонае дарам, які ідзець перада мною, і потым убачу аблічча ягонае. Можа, ён узьніме аблічча маё”. 
I перайшоў дар перад ім, а ён начаваў у тую ноч у табары. 
I ўстаў ён у тую ноч, і ўзяў дзьве жонкі свае, і дзьве нявольніцы свае, і адзінаццаць дзяцей сваіх, і перайшоў у брод Ябок. 
I ўзяў іх, і перавёў іх праз ручай, і перавёў, што было ў яго. 
I застаўся Якуб сам адзін. І дужаўся з ім Муж да ўзыходу зараніцы. 
I Той убачыў, што не пераможа яго, і дакрануўся да сустава сьцягна ягонага, і пашкодзіў сустаў сьцягна Якуба, калі дужаўся з ім, 
і сказаў: “Пусьці Мяне, бо ўзыйшла зараніца”. I сказаў Якуб: “Не пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне”. 
I Ён сказаў яму: “Якое імя тваё?” А ён сказаў: “Якуб”. 
I сказаў: “Не Якуб будуць называць ужо імя тваё, але Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам і з людзьмі, і перамог”. 
I спытаўся Якуб, і сказаў: “Скажы, калі ласка, імя Тваё”. I Ён сказаў: “Навошта ты пытаешся імя Маё?” I дабраславіў яго там. 
I назваў Якуб імя таго месца: Пэніэль, бо казаў: “Я бачыў Бога абліччам да аблічча, і захаваная душа мая”. 
I ўзышло сонца, калі ён праходзіў Пэніэль, і ён накульгваў на сьцягно сваё. 
Дзеля гэтага не ядуць сыны Ізраіля жылы цягліцы, якая на суставе сьцягна, аж да сёньня, бо Ён дакрануўся да суставу сьцягна Якуба, да жылы цягліцы. 
