﻿БЫЦЬЦЁ.
25.
I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура. 
I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха. 
А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім. 
А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усі яны — сыны Кетуры. 
I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку. 
А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю. 
I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзесят пяць гадоў. 
I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны жыцьцём, і быў далучаны да народу свайго. 
I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпеля на полі Эфрона, сына Цахара, Хета, што насупраць Мамрэ. 
Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная. 
I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой. 
Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары. 
I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхных, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам, 
Мішма, Дума, Маса, 
Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма. 
Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх. 
А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго. 
І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён. 
А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама: Абрагам нарадзіў Ісаака. 
I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку. 
I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная. 
I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: “Калі так, дык чаму ў мяне?” I пайшла спытацца ў ГОСПАДА. 
I сказаў ГОСПАД ёй: “Два народы ў жываце тваім, і два народы з нутра твайго вылучацца; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму”. 
I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным. 
I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў. 
Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзесят гадоў, калі яны нарадзіліся. 
I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах. 
I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім было ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба. 
I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены. 
I сказаў Эзаў Якубу: “Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай стравы, бо я стомлены”. Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом. 
I сказаў Якуб: “Прадай мне сёньня першародзтва тваё”. 
I сказаў Эзаў: “Вось, я ледзь не паміраю, і на што гэта мне першародзтва?” 
I сказаў Якуб: “Прысягні мне сёньня”. І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу. 
I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам. 
