﻿БЫЦЬЦЁ.
23.
I было жыцьця Сары сто дваццаць сем год, гэта гады жыцьця Сары. 
I памерла Сара ў Кірыят-Арбе, гэта значыць, у Хеўроне, у зямлі Ханаан. I прыйшоў Абрагам, каб мець жалобу па Сары і плакаць па ёй. 
I ўстаў Абрагам ад аблічча памёршае сваёй, і прамовіў да сыноў Хета, кажучы: 
“Прыхадзень і пасяленец я у вас; дайце мне ў вас на ўласнасьць магілу, і я пахаваю памёршую маю ад аблічча майго”. 
I адказалі сыны Хета Абрагаму, кажучы яму: 
“Паслухай нас, пане мой! Князь Божы ты сярод нас; у найлепшай з нашых магілаў пахавай памёршую сваю; ніхто з нас не адмовіць табе магілы сваёй на пахаваньне памёршае тваёй”. 
І ўстаў Абрагам, і пакланіўся народу зямлі, сынам Хета, 
і гутарыў з імі, кажучы: “Калі жадае душа вашая, каб я пахаваў памёршую маю ад аблічча майго, паслухайце мяне і папрасіце за мяне Эфрона, сына Цахара, 
і ён дасьць мне пячору Махпэля, што ў яго, якая на канцы поля ягонага, за поўнае срэбра дасьць мне яе, каб меў я сярод вас магілу на ўласнасьць”. 
А Эфрон сядзеў сярод сыноў Хета. І адказаў Эфрон Хет Абрагаму ўслых усіх сыноў Хета, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага, кажучы: 
“Не, пане мой! Паслухай мяне: поле я даю табе і пячору, якая на ім, даю табе, перад вачыма сыноў народу майго даю табе яе, пахавай памёршую тваю”. 
I пакланіўся Абрагам перад народам зямлі, 
і сказаў Эфрону ўслых народу зямлі, кажучы: “Калі б ты толькі паслухаў мяне, я даю табе срэбра за поле гэтае; вазьмі ў мяне, і я пахаваю там памёршую маю”. 
І адказаў Эфрон Абрагаму, кажучы яму: 
“Пане мой, паслухай мяне! Зямля вартая чатырыста сыкляў срэбра; што гэта для мяне і для цябе? І пахавай памёршую тваю”. 
I паслухаў Абрагам Эфрона; і адважыў Абрагам Эфрону срэбра, пра якое ён казаў услых сыноў Хета, чатырыста сыкляў срэбра, якое ўжывалася ў купцоў. 
I атрымаў поле Эфрона, якое ў Махпэлі, што насупраць Мамрэ, поле тое і пячора, якая на ім, і кажнае дрэва, якое на полі, ў-ва ўсіх межах ягоных наўкола, 
Абрагам, які купіў яго перад вачыма сыноў Хета, усіх, якія ўваходзілі ў брамы гораду ягонага. 
І пасьля гэтага Абрагам пахаваў Сару, жонку сваю, у пячоры на полі ў Махпэлі, насупраць Мамрэ, якое завецца Хеўрон, у зямлі Ханаан. 
I атрымаў Абрагам тое поле і тую пячору, якая на ім, як магілу на ўласнасьць ад сыноў Хета. 
