﻿БЫЦЬЦЁ.
21.
І ГОСПАД наведаў Сару, як сказаў; і ўчыніў ГОСПАД Сары, як гаварыў. 
I зачала Сара, і нарадзіла сына Абрагаму ў старасьці ягонай, у час, пра які казаў яму Бог. 
I назваў Абрагам сына свайго, які нарадзіўся яму, якога нарадзіла яму Сара, Ісаак. 
I абрэзаў Абрагам Ісаака, сына свайго, на восьмы дзень, як загадаў яму Бог. 
І было Абрагаму сто гадоў, калі нарадзіўся ў яго Ісаак, сын ягоны. 
I сказала Сара: “Сьмех учыніў з мяне Бог. Кожны, хто пачуе, будзе сьмяяцца з мяне”. 
I сказала: “Хто сказаў бы Абрагаму: “Сара будзе карміць грудзьдзю сыноў”, бо я нарадзіла сына ў старасьці ягонай”. 
I вырасла дзіцятка, і было аднятае ад грудзей, і ўчыніў Абрагам вялікую гасьціну ў той дзень, калі Ісаак быў адняты ад грудзей. 
I ўбачыла Сара сына Агар Эгіпцянкі, якога тая нарадзіла Абрагаму, што ён насьміхаецца, 
і сказала Абрагаму: “Выжані гэтую нявольніцу і сына ейнага, бо ня будзе мець спадчыну сын нявольніцы гэтае з сынам маім Ісаакам”. 
I было гэта ліхім у вачах Абрагама адносна сына ягонага. 
I сказаў Бог Абрагаму: “Няхай ня будзе гэта ліхім у вачах тваіх адносна хлопчыка і адносна нявольніцы тваёй. У-ва ўсім, што скажа табе Сара, слухай голасу ейнага, бо ў Ісааку будзе названа табе насеньне. 
Таксама сына нявольніцы Я зраблю народам, бо ён — насеньне тваё”. 
І ўстаў Абрагам раніцаю, і ўзяў хлеб і мех вады, і даў Агар, і палажыў ёй на плечы, і выслаў яе разам з дзіцём. І яна пайшла, і блукала ў пустыні Бээр-Шэва. 
I скончылася вада ў мяху, і яна пакінула дзіця пад адным з кустоў, 
і пайшла, і села насупраць так далёка, як стрэліць з луку; бо яна сказала: “Няхай ня буду глядзець на сьмерць дзіцяці”. I сядзела насупраць, і ўзьняла голас свой, і плакала. 
I пачуў Бог голас хлопчыкаў; і паклікаў анёл Божы да Агар з неба, і сказаў ёй: “Што з табою, Агар? Ня бойся; бо пачуў Бог голас хлопчыка з месца, дзе Ён ёсьць. 
Устань, паднімі хлопца і трымай яго моцна рукою сваёю, бо Я зраблю яго народам вялікім”. 
I адчыніў Бог вочы ейныя, і яна ўбачыла студню з вадою, і пайшла, і напоўніла мех вады, і дала піць хлопцу. 
I быў Бог з хлопцам; і ён вырас, і жыў у пустыні, і быў стралец з луку. 
І ён жыў у пустыні Паран; і ўзяла яму маці ягоная жонку з зямлі Эгіпецкае. 
I сталася ў той час, і сказаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, Абрагаму, кажучы: “Бог з табою ва ўсім, што ты робіш. 
I цяпер прысягні мне Богам тут, што ты ня здрадзіш ані мне, ані нашчадку майму, ані ўнуку майму, і як я чыніў міласэрнасьць табе, так ты будзеш рабіць са мною і з зямлёю, у якой ты жывеш”. 
I сказаў Абрагам: “Прысягаю”. 
I дакараў Абрагам Абімэлеха з прычыны студні вады, якую забралі слугі Абімэлеха. 
I сказаў Абімэлех: “Ня ведаю я, хто ўчыніў гэтую рэч, і ты не расказваў мне, і я ня чуў нічога аж да сёньняшняга дня”. 
I ўзяў Абрагам авечак і валоў, і даў Абімэлеху, і заключылі яны абодва запавет. 
I паставіў Абрагам сем ягнят з чарады асобна. 
I сказаў Абімэлех Абрагаму: “Навошта гэтыя сем ягнятаў, якіх ты паставіў асобна?” 
I сказаў Абрагам: “Бо сем гэтых ягнят возьмеш ад рукі мае, каб яны былі мне сьведчаньнем, што я выкапаў гэтую студню”. 
Дзеля таго і названа гэтае месца Бээр-Шэва, бо там яны абодва прысягалі. 
I заключылі запавет у Бээр-Шэве. I ўстаў Абімэлех і Піколь, гетман ягоны, і вярнуліся ў зямлю Філістынскую. 
I пасадзіў Абрагам гай у Бээр-Шэве, і клікаў там імя ГОСПАДА, Бога вечнага. 
I жыў Абрагам у зямлі Філістынскай шмат дзён. 
