﻿БЫЦЬЦЁ.
18.
І зьявіўся яму ГОСПАД каля дубровы Мамрэ, калі ён сядзеў ля ўваходу ў намёт ў сьпякоту дня. 
І падняў ён вочы свае, і глянуў, і вось, тры мужы стаяць насупраць яго. І ўбачыў, і выбег ад уваходу ў намёт насустрач ім, і пакланіўся да зямлі, 
і сказаў: “Госпадзе, калі я знайшоў ласку ў вачах Тваіх, прашу, не мінай слугі Свайго. 
Возьмуць трохі вады, і абмыюць ногі Вашыя, і прыхінецеся пад дрэвам. 
А я вазьму кавалак хлеба, і пасіліце сэрцы Вашыя, потым пойдзеце, бо дзеля гэтага вы прайшлі каля слугі Вашага”. Яны сказалі: “Зрабі так, як сказаў”. 
І пасьпяшаў Абрагам у намёт да Сары, і сказаў: “Пасьпяшайся, замяшай тры меркі найлепшай мукі і зрабі аладак”. 
І пабег Абрагам да быдла, і ўзяў тлустае і добрае цяля, і даў юнаку, і той хутка прыгатаваў яго. 
І ўзяў масла і малака, і цяля, якое прыгатаваў, і паклаў перад абліччам Іх, і сам стаў каля Іх пад дрэвам, і яны елі. 
І сказалі яму: “А дзе Сара, жонка твая?” Ён сказаў: “Вось, у намёце”. 
А Той сказаў: “Вяртаючыся, вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця праз год, і вось, будзе сын ў Сары, жонкі тваёй”. А Сара слухала ля ўваходу ў намёт, які быў за ім. 
Абрагам жа і Сара былі старыя, увайшлі ў гады, і спынілася ў Сары звычайнае жаночае. 
І засьмяялася Сара ў сабе, кажучы: “Пасьля таго, як я састарэла, ці ж буду мець асалоду? І гаспадар мой стары”. 
І сказаў ГОСПАД Абрагаму: “Чаму сьмяялася Сара, кажучы: “Няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я старая?” 
Ці ж ёсьць справа, цяжкая для ГОСПАДА? У прызначаны час вярнуся да цябе ў гэты час жыцьця праз год, і Сара будзе мець сына”. 
І запярэчыла Сара, кажучы: “Я не сьмяялася,” бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: “Не, ты сьмяялася!” 
І падняліся адтуль тыя мужы, і скіравалі аблічча Сваё да Садому, а Абрагам пайшоў з Імі, праводзячы Іх. 
І ГОСПАД сказаў: “Ці ж схаваю Я перад Абрагамам, што маю зрабіць? 
Абрагам станецца народам вялікім і магутным, і будуць дабраслаўлёныя ў ім ўсе народы зямлі. 
Бо Я спазнаў яго, каб ён загадаў сынам сваім і дому свайму пасьля сябе, і будуць захоўваць шлях ГОСПАДАЎ, чыніць праведнасьцьт і суд, каб ГОСПАД зьдзейсьніў Абрагаму ўсё, што сказаў яму”. 
І сказаў ГОСПАД: “Крык Садому і Гаморы вялікі, і грэх іхні вельмі цяжкі. 
Дык зыйду і пагляджу, ці паводле крыку, які даходзіць да Мяне, учыняюць усё, ці не, і буду гэта ведаць”. 
І павярнуліся тыя мужы, і пайшлі ў Садом, а Абрагам яшчэ стаяў перад абліччам ГОСПАДА. 
І падыйшоў Абрагам, і сказаў: “Няўжо загубіш праведнага разам з бязбожным? 
Можа, ёсьць у горадзе пяцьдзясят праведнікаў, няўжо Ты загубіш і не прабачыш гэтай мясцовасьці дзеля пяцідзесяці праведнікаў, якія ў ім? 
Няхай будзе далёкім ад Цябе, каб Ты ўчыніў такую справу, каб забіць праведнага з бязбожным, каб праведнаму было таксама, як і бязбожнаму! Няхай будзе далёкім ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ня ўчыніць правасудзьдзя?” 
І сказаў ГОСПАД: “Калі знайду ў Садоме пяцьдзясят праведнікаў у горадзе, дзеля іх прабачу ўсёй мясцовасьці”. 
І адказаў Абрагам, і сказаў: “Вось жа пачаў я гаварыць да Госпада майго, хоць я — пыл і попел. 
Можа, ня хопіць пяці да гэтых пяцідзесяці праведнікаў, няўжо дзеля нястачы пяці зьнішчыш увесь горад?” І сказаў Госпад: “Ня зьнішчу, калі знайду там сорак пяць”. 
І працягваў гаварыць з Ім, і сказаў: “Можа, знойдзецца там сорак?” І Ён сказаў: “Не зраблю гэтага дзеля сарака”. 
І сказаў ён: “Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць. Можа, знойдзецца там трыццаць?” І Ён сказаў: “Не зраблю, калі знайду там трыццаць”. 
І сказаў ён: “Вось, я пачаў гаварыць да Госпада майго. Можа, знойдзецца там дваццаць?” І Ён сказаў: “Ня зьнішчу дзеля дваццаці”. 
І сказаў ён: “Няхай ня гневаецца Госпад мой, і я буду гаварыць яшчэ раз. Можа, знойдзецца там дзесяць?” І Ён сказаў: “Ня зьнішчу дзеля дзесяці”. 
І пайшоў ГОСПАД, скончыўшы гаварыць з Абрагамам, а Абрагам вярнуўся ў сваё месца. 
