﻿БЫЦЬЦЁ.
16.
А Сарай, жонка Абрама, не нараджала яму. І мела яна нявольніцу Эгіпцянку, а імя ейнае — Агар. 
І сказала Сарай Абраму: “Вось жа, замкнуў ГОСПАД мяне, каб я не нараджала. Дык увайдзі да нявольніцы маёй, можа ад яе атрымаю дзіця”. І паслухаў Абрам голасу Сарай. 
І ўзяла Сарай, жонка Абрама, Агар Эгіпцянку, нявольніцу сваю, калі мінула дзесяць гадоў жыцьця Абрама ў зямлі Ханаан, і дала яе Абраму, мужу свайму, за жонку. 
І ён увайшоў да Агары, і яна зачала, і ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць гаспадыняй сваёй у вачах сваіх. 
І сказала Сарай Абраму: “Крыўда мая праз цябе! Я дала табе нявольніцу маю на ўлоньне тваё, і яна ўбачыла, што зачала, і стала пагарджаць мною ў вачах сваіх. Няхай ГОСПАД судзіць паміж мной і табой”. 
І сказаў Абрам Сарай: “Вось, нявольніца твая ў руцэ тваёй, рабі з ёй, што добра ў вачах тваіх”. І Сарай стала ўціскаць яе, і яна ўцякла ад аблічча яе. 
І знайшоў яе анёл ГОСПАДАЎ каля крыніцы вады ў пустыні, каля крыніцы пры дарозе на Шур, 
і сказаў: “Агар, нявольніца Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?” Яна адказала: “Ад аблічча Сарай, гаспадыні маёй, я ўцякаю”. 
І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вярніся да гаспадыні сваёй і скарыся пад руку яе”. 
І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Памнажаючы, памножу насеньне тваё, нельга будзе палічыць яго з прычыны мноства”. 
І сказаў ёй Анёл ГОСПАДАЎ: “Вось, ты зачала і народзіш сына, і назавеш імя яго Ізмаэль, таму што ГОСПАД пачуў пра уціск твой. 
І будзе ён чалавекам, падобным да дзікага асла, рука ягоная супраць усіх, і рукі ўсіх — супраць яго; і будзе ён жыць перад абліччам усіх братоў сваіх”. 
І назвала яна імя ГОСПАДА, Які прамаўляў да яе: “Ты — Бог, Які бачыць мяне”. Бо сказала яна: “Ці ня тут я бачыла Таго, Які бачыць мяне”. 
Дзеля таго калодзеж гэты назвалі Бээр-Ляхай-Рой. Вось, ён паміж Кадэшам і Барэдам. 
І нарадзіла Агар Абраму сына. І назваў Абрам імя сына свайго, якога нарадзіла яму Агар, Ізмаэль. 
І Абрам меў восемдзесят шэсьць гадоў, калі Агар нарадзіла Ізмаэля Абраму. 
