﻿БЫЦЬЦЁ.
4.
І чалавек спазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: “Атрымала я мужа ад ГОСПАДА”. 
І яшчэ нарадзіла брата ягонага Абэля. І быў Абэль пастухом авечак, а Каін быў земляробам. 
І сталася, як прайшлі дні, і Каін прынёс з пладоў зямлі дар ГОСПАДУ. 
І Абэль таксама прынёс з першародных авечак сваіх і з тлустасьці іх. І ўзглянуў ГОСПАД на Абэля і на дар ягоны, 
а на Каіна і на дар ягоны ня ўзглянуў. І вельмі загневаўся Каін, і пахілілася аблічча яго. 
І сказаў ГОСПАД Каіну: “Чаму ты загневаўся і чаму пахілілася аблічча тваё? 
Ці ж ты не ўзьнімаеш аблічча, калі робіш добра, а калі ня робіш добра, грэх ляжыць пры дзьвярах, да цябе пацяга яго, але ты павінен панаваць над ім”. 
І сказаў Каін Абэлю, брату свайму. І сталася, калі былі яны ў полі, паўстаў Каін на Абэля, брата свайго, і забіў яго. 
І сказаў ГОСПАД Каіну: “Дзе Абэль, брат твой?” А той сказаў: “Ня ведаю. Ці ж я вартаўнік брата майго?” 
І сказаў ГОСПАД: “Што ты зрабіў? Голас крыві брата твайго кліча да Мяне ад зямлі. 
І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая адчыніла вусны свае прыняць кроў брата твайго з рукі тваёй. 
Калі будзеш абрабляць зямлю, яна ня будзе больш даваць табе сілы свае. Выгнанцам і ўцекачом будзеш на зямлі”. 
І сказаў Каін ГОСПАДУ: “Большае беззаконьне маё, чым можна зьнесьці. 
Вось, Ты выганяеш мяне сёньня з аблічча зямлі, і буду хавацца ад аблічча Твайго, і буду я выгнанцам і ўцекачом на зямлі, і станецца, што кожны, хто сустрэне мяне, заб’е мяне”. 
І сказаў яму ГОСПАД: “Таму кожнаму, хто заб’е Каіна, сем разоў будзе адпомшчана”. І пазначыў ГОСПАД Каіна знакам, каб не забіў яго кожны, хто сустрэне яго. 
І адыйшоў Каін ад аблічча ГОСПАДА, і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэну. 
І спазнаў Каін жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Эноха. І пабудаваў ён горад, і назваў імя горада ад імя сына свайго — Энох. 
І нарадзіў Ханок Ірада, а Ірад нарадзіў Мэхіяэля, а Мэхіяэль нарадзіў Мэтушаэля, а Мэтушаэль нарадзіў Лямэха. 
І ўзяў сабе Лямэх дзьве жонкі. Імя адной — Ада, а імя другой — Цыля. 
І нарадзіла Ада Яваля, ён быў бацька тых, што жывуць у намётах і маюць статкі. 
А імя брата ягонага — Юваль, ён быў бацька ўсіх, што граюць на гусьлях і жалейцы. 
І Цыля таксама нарадзіла Туваль-Каіна, які быў кавалём усякіх прыладаў з медзі і жалеза. А сястра Туваль-Каіна — Наама. 
І сказаў Лямэх жонкам сваім: “Ада і Цыля, паслухайце голас мой! Жонкі Лямэха, прыхіліце вуха да мовы маёй! Бо забіў я чалавека за рану сваю і юнака за скалячэньне сваё. 
Бо за Каіна будзе адпомшчана сем разоў, а за Лямэха — семдзесят сем”. 
І спазнаў яшчэ Адам жонку сваю, і яна нарадзіла сына, і назвала імя яго Сэт, бо казала: “Даў мне Бог іншае насеньне замест Абэля, якога забіў Каін”. 
У Сэта таксама нарадзіўся сын, і ён назваў імя яго Энос. Тады пачалі клікаць імя ГОСПАДА. 
