﻿АДКРЫЦЬЦЁ.
21.
І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля прамінулі, і мора ўжо няма. 
І я, Ян, убачыў горад сьвяты, новы Ерусалім, які зыходзіў ад Бога з неба, падрыхтаваны як нявеста, аздобленая дзеля мужа свайго. 
І пачуў я голас вялікі з неба, які казаў: «Вось, намёт Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі; і яны будуць народам Ягоным, і Сам Бог будзе з імі Богам іхнім. 
І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іхніх; і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо ані плачу, ані крыку, ані болю, бо ранейшае прамінула». 
І сказаў Той, Які сядзіць на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа мне: «Напішы, бо гэтыя словы праўдзівыя і верныя». 
І сказаў мне: «Сталася. Я — Альфа і Амэга, Пачатак і Канец. Таму, хто смагне, Я дам з крыніцы вады жыцьця дарма. 
Той, хто пераможа, возьме ў спадчыну ўсё, і Я буду яму Богам, і ён будзе Мне сынам. 
А для палахлівых і бязьверных, і брыдотных, і забойцаў, і распусьнікаў, і чараўнікоў, і ідалапаклоньнікаў, і ўсіх хлусьлівых частка іхняя — у возеры, якое палае агнём і серкаю. Гэта — другая сьмерць». 
І прыйшоў да мяне адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, напоўненых сямю апошнімі плягамі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзем, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці». 
І ён павёў мяне ў духу на вялікую і высокую гару, і паказаў мне горад вялікі, сьвяты Ерусалім, які зыходзіць з неба ад Бога 
і мае славу Божую. І сьвятло ягонае падобнае да найкаштоўнейшага камяня, накшталт камяня ясьпісу, што зіхціць, як крышталь. 
І ён мае мур вялікі і высокі, і мае дванаццаць брамаў, і на брамах — дванаццаць анёлаў і напісаныя імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраіля: 
ад усходу — тры брамы, ад поўначы — тры брамы, ад поўдня — тры брамы, ад захаду — тры брамы. 
І мур гораду мае дванаццаць падмуркаў, і на іх — імёны дванаццаці апосталаў Ягняці. 
І той, які гаварыў са мною, меў трысьціну залатую, каб абмераць горад, і брамы ягоныя, і мур ягоны. 
І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня ягоная такая самая, як і шырыня. І ён абмераў горад трысьцінай на дванаццаць тысячаў стадыяў; і даўжыня, і шырыня, і вышыня ягоныя аднолькавыя. 
І ён абмераў мур ягоны на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, якая і анёльская. 
І мур быў пабудаваны з ясьпісу; а горад — з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага. 
І падмуркі муру гораду аздобленыя ўсякім каштоўным камянём: першы падмурак — ясьпісам, другі — сапфірам, трэці — хальцэдонам, чацьвёрты — шмарагдам, 
пяты — сардоніксам, шосты — сардам, сёмы — хрызалітам, восьмы — бэрылем, дзявяты — тапазам, дзясяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — амэтыстам. 
І дванаццаць брамаў — з дванаццаці пэрлінаў, кожная брама — з аднае пэрліны. І вуліца гораду — з чыстага золата, празрыстага, як шкло. 
І бажніцы ў ім ня ўбачыў я, бо Госпад, Бог Усеўладны, і Ягня — гэта бажніца ягоная. 
І горад ня мае патрэбы ані ў сонцы, ані ў месяцы, каб асьвятлялі яго, бо слава Божая асьвяціла яго, і сьветач ягоны — Ягня. 
І народы збаўленых будуць хадзіць у сьвятле ягоным, і валадары зямныя прынясуць у яго славу і гонар свае. 
І брамы ягоныя ня будуць замыкацца ўдзень, а ночы там ня будзе. 
І прынясуць у яго славу і гонар народаў. 
І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чыніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці. 
