﻿АДКРЫЦЬЦЁ.
17.
І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чараў, і загаварыў да мяне, кажучы мне: «Хадзем, я пакажу табе суд над распусьніцай вялікай, якая сядзіць над мноствам водаў, 
з якою распусьнічалі валадары зямныя, і віном распусты яе напіваліся жыхары зямлі». 
І ён павёў мяне ў духу ў пустыню, і ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на зьверы пунсовым, поўным імёнаў блюзьнерскіх, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў. 
І жанчына была апранутая ў пурпур і кармазын, і аздобленая золатам і каштоўным камянём і пэрламі, і мела ў руцэ сваёй келіх залаты, поўны агіды і нячыстасьці распусты яе. 
І на ілбе ў яе напісанае імя: «Тайна, Бабілон вялікі, маці распусьніц і агіды зямлі». 
І ўбачыў я, што жанчына напіваецца крывёю сьвятых і крывёю сьведкаў Ісуса. І, бачачы яе, я зьдзіўляўся зьдзіўленьнем вялікім. 
І сказаў мне анёл: «Што ты зьдзіўляешся? Я табе скажу таямніцу жанчыны і зьвера, які носіць яе і мае сем галоваў і дзесяць рагоў. 
Зьвер, якога ты бачыў, быў і няма яго, і мае выйсьці з бездані і пайсьці на загубу; і зьдзівяцца жыхары зямлі, імёны якіх не запісаныя ў кнігу жыцьця ад заснаваньня сьвету, гледзячы на зьвера, што ён быў і няма яго, хаця ёсьць. 
Тут розум, які мае мудрасьць. Сем галоваў ёсьць сем гор, дзе жанчына сядзіць на іх, 
і сем валадароў: пяць упалі, і адзін ёсьць, іншы яшчэ не прыйшоў і, калі прыйдзе, нядоўга мусіць быць. 
І зьвер, які быў і няма яго, ён — восьмы, і з сямі ён ёсьць, і на загубу ідзе. 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, ёсьць дзесяць валадароў, якія яшчэ не атрымалі валадарства, але атрымаюць уладу, як валадары, на адну гадзіну разам са зьверам. 
Яны маюць адну думку і моц і аддаюць уладу сваю зьверу. 
Яны будуць ваяваць з Ягнём, і Ягня пераможа іх, бо Ён — Пан паноў і Валадар валадароў, а тыя, што з Ім, — пакліканыя, і выбраныя, і верныя». 
І кажа мне: «Воды, якія ты бачыў, дзе сядзіць распусьніца, — гэта плямёны, і натоўпы, і народы, і мовы. 
І дзесяць рагоў, якія ты бачыў на зьверы, яны зьненавідзяць распусьніцу, і спустошаць яе, і аголяць, і цела яе зьядуць, і спаляць яе ў агні; 
бо Бог даў у сэрца іхняе ўчыніць думку Ягоную, і ўчыніць аднадумна, і даць валадарства сваё зьверу, пакуль ня зьдзейсьняцца словы Божыя. 
І жанчына, якую ты бачыў, — гэта горад вялікі, які мае валадарства над валадарамі зямнымі». 
