﻿2 ПЯТРА.
3.
Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае, 
каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, перададзенае апосталамі нашымі, 
разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў, 
і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад часу, як сталі паміраць бацькі, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня». 
Бо ад тых, якія хочуць гэтак думаць, утоена, што нябёсы былі здаўна, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае. 
Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою, 
а цяперашнія неба і зямля, якія ўтрымліваюцца словам Ягоным, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных. 
І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень. 
Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня. 
Прыйдзе ж дзень Госпада, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбурацца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя. 
Калі так усё гэтае разбурыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы, 
якія чакаеце і сьпяшаецеся бачыць прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымнеючы, разбурацца, і распаленыя стыхіі растопяцца? 
А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве. 
Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі. 
І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам, 
як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні. 
Дык вы, улюбёныя, ведаючы гэта раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня, 
і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.
