﻿1 ПЯТРА.
3.
Таксама і вы, жонкі, падпарадкоўвайцеся сваім мужам, каб і тыя, што не скараюцца слову, ладам жыцьця жонак бяз слова былі здабываныя, 
гледзячы на чыстае жыцьцё вашае ў страху Божым. 
Няхай будзе аздобаю ня вонкавае заплятаньне валасоў і залатыя ўпрыгожваньні або апрананьне ў шаты сьвету, 
але таемны сэрца чалавек у незьнішчальнасьці ціхага і спакойнага духа, што вельмі каштоўна перад Богам. 
Бо гэтак некалі аздаблялі сябе, падпарадкоўваючыся сва­ім мужам, і сьвятыя жанчыны, якія спадзяваліся на Бога. 
Гэтак Сара слухалася Абрагама, называючы яго гаспадаром, і вы сталіся дзецьмі яе, калі робіце дабро і не палохаецеся аніякага страху. 
Таксама і вы, мужы, жывіце з разуменьнем з жонкамі, аддаючы ім, як найслабейшай пасудзіне, пашану, бо і яны — суспадчыньніцы ласкі жыцьця, каб не было перашкоды ў малітвах вашых. 
Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спачувайце адзін аднаму, будзьце браталюбныя, спагадлівыя, пачцівыя, 
не аддавайце ліхам за ліха ці зьнявагай за зьнявагу, а, наадварот, дабраслаўляйце, ведаючы, што вы дзеля гэтага пакліканыя, каб узяць у спадчыну дабраслаўленьне. 
Бо хто хоча жыцьцё любіць і бачыць добрыя дні, няхай стрымлівае язык свой ад ліхоты і вусны свае, каб не гаварылі падступна, 
няхай ухіляецца ад ліха і робіць дабро; няхай шукае супакою і імкнецца да яго. 
Бо вочы Госпада — на праведных, і вушы Ягоныя — да просьбаў іхніх, але аблічча Госпада — супраць тых, якія робяць ліхое. 
І хто зробіць вам зло, калі вы станецеся пераймальнікамі добрага? 
Але калі вы і пацярпелі за праведнасьць, вы шчасьлівыя. А страху іхняга не палохайцеся і не трывожцеся. 
Госпада Бога сьвяціце ў сэрцах вашых. Будзьце заўсёды гатовыя даць адказ кожнаму, хто просіць у вас слова адносна вашае надзеі, з ціхасьцю і са страхам, 
маючы добрае сумленьне, каб у тым, за што ачарняюць вас, як ліхадзеяў, былі асаромленыя тыя, якія ганяць ваш добры лад жыцьця ў Хрысьце. 
Бо, калі хоча воля Божая, лепш цярпець, робячы добрае, чым робячы благое. 
Бо і Хрыстос, каб прывесьці нас да Бога, раз пацярпеў за грахі, Праведны — за няправедных, забіты целам, але ажыўлены Духам, 
у Якім Ён, пайшоўшы, абвяшчаў духам, што ў вязьніцы, 
тым, якія некалі не скарыліся, калі чакала іх Божае доўгацярпеньне ў дні Ноя, пры будаваньні каўчэга, у якім некалькі, гэта значыцца восем душаў, былі ўратаваныя ад вады. 
Гэтак і нас цяпер на ўзор гэтага хрышчэньне — не абмыцьцё бруду цела, але абяцаньне Богу добрага сумленьня, — збаўляе праз уваскрасеньне Ісуса Хрыста, 
Які, узыйшоўшы ў неба, знаходзіцца праваруч Бога, і Яму падпарадкаваныя анёлы, і ўлады, і сілы. 
