﻿ГЕБРАЯЎ.
5.
Бо ўсякі першасьвятар, які спаміж людзей бярэцца, дзеля людзей стаўляецца на тое, што Божае, каб прыносіў дары і ахвяры за грахі, 
каб мог спачуваць тым, якія не разумеюць і заблукалі, бо і сам абложаны нядужасьцю, 
і праз гэта павінен як за народ, гэтак і за сябе прыносіць ахвяры за грахі. 
І ніхто сам сабою не прыймае гэтую пашану, але той, хто пакліканы Богам, як і Аарон. 
Гэтак і Хрыстос ня Сам Сябе праславіў, каб быць Першасьвятаром, але Той, Які сказаў Яму: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе», 
а таксама ў іншым месцы кажа: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка». 
Ён у дні цела Свайго з вялікім крыкам і сьлязьмі прыносіў просьбы і ўпрошваньні да Таго, Які мог збавіць Яго ад сьмерці, і быў выслуханы дзеля багабойнасьці. 
Хоць Ён — Сын, але навучыўся паслухмянасьці праз тое, што перацярпеў, 
і, споўніўшы ўсё, стаўся для ўсіх, якія паслухмяныя Яму, прычынаю вечнага збаўленьня, 
названы ад Бога Першасьвятаром паводле парадку Мэльхісэдэка. 
Адносна Яго мы маем шмат сказаць, і цяжка выказаць, бо вы сталіся маруднымі, каб слухаць. 
Бо вы, якія паводле часу павінны быць настаўнікамі, ізноў маеце патрэбу, каб вучылі вас падставовым пачаткам словаў Божых, і вы маеце патрэбу ў малацэ, а ня ў цьвёрдай страве. 
Бо ўсякі, хто спажывае малако, неспрактыкаваны ў слове праведнасьці, бо ён — немаўля. 
А цьвёрдая страва ёсьць для дасканалых, у якіх праз ужываньне разуменьне спрактыкаванае распазнаваць добрае і ліхое. 
