﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА ГЕБРАЯЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА.
1.
 Бог, Які шмат разоў і шматлікімі спосабамі здаўна гаварыў да бацькоў праз прарокаў, 
у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына, Якога паставіў за спадкаемцу ўсяго, праз Якога і вякі ўчыніў. 
Ён, будучы зьзяньнем славы і выразам існасьці Ягонай і ўсё словам моцы Сваёй трымаючы, учыніўшы праз Сябе ачышчэньне грахоў нашых, сеў праваруч велічы на вышынях, 
стаўшыся лепшым за анёлаў нагэтулькі, наколькі слаўнейшае за іх успадкаеміў імя. 
Бо каму з анёлаў сказаў Ён калі: «Ты — Сын Мой, Я сёньня нарадзіў Цябе»? І яшчэ: «Я буду Яму Айцом, і Ён будзе Мне Сынам»? 
А калі ізноў уводзіць Першароднага ў сусьвет, кажа: «І няхай паклоняцца Яму ўсе анёлы Божыя». 
А наконт анёлаў кажа: «Ён робіць анёламі Сваімі духаў і служыцелямі Сваімі — полымя агню». 
А наконт Сына: «Пасад Твой, Божа, на век вечны; кій правасьці — кій валадарства Твайго. 
Ты палюбіў праведнасьць і зьненавідзеў беззаконьне. Дзеля гэтага памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем весялосьці больш за таварышаў Тваіх». 
І: «Ты напачатку, Госпадзе, умацаваў зямлю, і неба — справа рук Тваіх; 
яны загінуць, а Ты застаешся; і ўсе, як шаты, састарэюць, 
і, як адзеньне, Ты скруціш іх, і яны зьменяцца; а Ты — Той Самы, і гады Твае ня скончацца». 
А наконт каго з анёлаў сказаў Ён калі: «Сядзь праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх як падножжа ног Тваіх»? 
Ці ня ўсе яны — паслугавальныя духі, якія пасланыя на служэньне дзеля тых, якія маюць успадкаеміць збаўленьне? 
