﻿1 ЦІМАФЕЯ.
4.
А Дух выразна кажа, што ў апошнія часы некаторыя адыйдуць ад веры, зважаючы на духаў падманлівых і вучэньні дэманавы, 
праз крывадушнасьць тых, якія кажуць фальшыва і выпалілі сумленьне сваё, 
якія забараняюць жаніцца, кажуць высьцерагацца ежы, якую Бог стварыў дзеля спажываньня з падзякай вернымі і тымі, што пазналі праўду. 
Бо ўсякае стварэньне Божае добрае, і нішто ня мае быць адкінутым, што прыймаецца з падзякаю, 
бо асьвячаецца праз слова Божае і малітву. 
Прадстаўляючы гэта братам, будзеш добрым служыцелем Ісуса Хрыста, спасіленым словамі веры і добрым навучаньнем, за якімі ты пайшоў сьледам. 
А паганых і бабскіх баек цурайся, але практыкуйся ў пабожнасьці. 
Бо цялеснае практыкаваньне мала карыснае, а пабож­насьць на ўсё карысная, маючы абяцаньне жыцьця цяперашняга і будучага. 
Вернае гэта слова і ўсякага прыняцьця вартае. 
Бо мы дзеля гэтага і працуем, і зьнявагі церпім, што спадзяемся на Бога Жывога, Які ёсьць Збаўца ўсіх людзей, а найбольш — верных. 
Загадвай гэта і навучай. 
Няхай ніхто не пагарджае маладосьцю тваёй, але будзь прыкладам для верных у слове, у ладзе жыцьця, у любові, у духу, у веры, у чысьціні. 
Пакуль прыйду, займайся чытаньнем, пацяшаньнем, навучаньнем. 
Не занядбоўвай дару ласкі, што ў табе, які дадзены табе праз прароцтва, з ускладаньнем рук старостаў. 
Гэта абдумвай, у гэтым будзь, каб посьпех твой быў яўны для ўсіх. 
Захоўвай сябе і вучэньне, трывай у гэтым, бо, гэтак робячы, і сябе збавіш, і тых, якія слухаюць цябе. 
