﻿1 ЦІМАФЕЯ.
2.
Дык перш за ўсё прашу ўзносіць просьбы, малітвы, умольваньні і падзякі за ўсіх людзей, 
за валадароў і за ўсіх, хто пры ўладзе, каб весьці нам жыцьцё ціхае і спакойнае ў-ва ўсякай пабожнасьці і сумленнасьці, 
бо гэта добра і прыемна перад Збаўцам нашым Богам, 
Які хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і прыйшлі да пазнаньня праўды. 
Бо адзін Бог і адзін Пасярэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Хрыстос Ісус, 
Які аддаў Сябе на адкупленьне за ўсіх, як сьведчаньне ў свой час, 
дзеля Якога я пастаўлены весьнікам і апосталам, праўду кажу ў Хрысьце, не хлушу, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе. 
Дык хачу, каб на ўсякім месцы маліліся мужы, узьнімаючы сьвятыя рукі бяз гневу і хістаньняў; 
каб таксама і жанчыны, у сьціплай вопратцы, з сарамлівасьцю і здаровым розумам аздаблялі сябе не пляценьнем валасоў, ані золатам, ані пэрламі, ані шатамі дарагімі, 
але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, якія абяцалі багабойнасьць. 
Жанчына ў маўчаньні няхай вучыцца з усякай паслухмянасьцю. 
А жанчыне, каб навучала, не дазваляю, ані каб мужам кіравала, але каб у маўчаньні была. 
Бо першым быў зьлеплены Адам, а пасьля — Ева; 
і не Адам быў падмануты, а жанчына, падманутая, учыніла парушэньне, 
але будзе збаўленая праз нараджэньне дзяцей, калі застанецца ў веры, і любові, і сьвятасьці са здаровым розумам. 
