﻿2 ТЭСАЛОНЦАЎ.
3.
Нарэшце, маліцеся за нас, браты, каб слова Госпада пашыралася і выслаўлялася, як і ў вас, 
і каб мы былі выбаўленыя ад нягодных і злых людзей, бо не ў-ва ўсіх вера. 
Але верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога. 
Мы пэўныя адносна вас у Гос­падзе, што вы выконваеце і будзеце выконваць тое, што мы загадваем вам. 
Няхай Сам Госпад накіруе сэрцы вашыя да любові Божае і цярплівасьці Хрыстовай. 
Загадваем вам, браты, у імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб цураліся ўсякага брата, які ходзіць свавольна і не паводле традыцыі, прынятай ад нас, 
бо вы самі ведаеце, як трэба насьлядаваць нас, бо мы не сваволілі між вамі, 
таксама дарма ні ў каго хлеба ня елі, але ў працы і стоме рабілі ўначы і ўдзень, каб не абцяжарыць каго з вас, 
не таму, што ня маем улады, але каб сябе саміх даць вам за прыклад дзеля перайманьня нас. 
Бо калі мы былі ў вас, дык загадалі вам: калі хто ня хоча працаваць, той няхай і ня есьць. 
Але чуем, што некаторыя ў вас ходзяць свавольна, нічога ня робяць, але мітусяцца. 
Гэтакім загадваем і молім у Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце, каб яны, працуючы моўчкі, елі свой хлеб. 
А вы, браты, не журыцеся, робячы дабро. 
Калі ж хто не паслухаецца слова нашага праз гэтае пасланьне, таго мейце на прыкмеце і ня мейце справы з ім, каб быў асаромлены; 
але не лічыце яго за ворага, але настаўляйце, як брата. 
Сам жа Госпад супакою няхай дасьць вам супакой заўсёды і ў-ва ўсім. Госпад з усімі вамі. 
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю, што ёсьць знак у-ва ўсякім пасланьні; пішу я гэтак: 
ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амэн.
