﻿2 ТЭСАЛОНЦАЎ.
2.
Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім, 
не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы. 
Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо дзень гэты ня прыйдзе, пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы, 
які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог. 
Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае? 
І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час. 
Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод. 
І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго, 
таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі, 
і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі. 
І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні, 
каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць. 
А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне, 
да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста. 
Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае. 
Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы, 
няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай. 
