﻿1 ТЭСАЛОНЦАЎ.
3.
Дзеля гэтага, ня могучы трываць болей, спадабалася нам застацца ў Атэнах адным, 
і паслалі мы Цімафея, брата нашага і служыцеля Божага, і супрацоўніка нашага ў Эвангельлі Хрыстовым, каб узмоцніць вас і суцешыць вас у веры вашай, 
каб ніхто не пахіснуўся ў прыгнётах гэтых: бо вы самі ведаеце, што мы на гэта пастаўлены. 
Бо мы і тады, калі ў вас былі, папярэджвалі вас, што маем зазнаць прыгнёт, як і сталася, і вы ведаеце. 
Дзеля гэтага і я, ня могучы вытрымаць болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас спакусьнік і ня сталася дарэмнай праца нашая. 
Цяпер жа, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што заўсёды маеце добрую памяць пра нас, жадаючы нас пабачыць, як і мы вас, 
дык мы суцешыліся адносна вас, браты, у-ва ўсіх прыгнётах і патрэбах нашых, дзеля веры вашай, 
бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіцё ў Госпадзе. 
Якую ж падзяку можам даць Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся дзеля вас перад Богам нашым, 
уначы і ўдзень горача молячыся, каб убачыць аблічча вашае і дапоўніць нястачу ў веры вашай? 
Сам жа Бог і Айцец наш і Госпад наш Ісус Хрыстос няхай накіруе шлях наш да вас! 
А вас няхай Госпад напоўніць і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, як і мы маем да вас, 
каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў сьвятасьці перад Богам і Айцом нашым у прыйсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Яго. 
