﻿КАЛАСЯНАЎ.
3.
Дык калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце ўзгор­нага, дзе Хрыстос ся­дзіць праваруч Бога. 
Пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное, 
бо вы памерлі, і жыцьцё вашае схаванае з Хрыстом у Богу. 
Калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё нашае, тады і вы зьявіцеся разам з Ім у славе. 
Дык мярцьвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, жарсьць, благое пажаданьне і хцівасьць, якая ёсьць ідалапаклонствам, 
за што гнеў Божы прыходзіць на сыноў непакорнасьці, 
сярод якіх і вы раней хадзілі, калі жылі між імі. 
А цяпер вы адкіньце ўсё: гнеў, ярасьць, ліхоту, блюзьнерствы, брыдкаслоўе з вуснаў вашых; 
не хлусіце адзін аднаму, распрануўшыся са старога чалавека з учынкамі ягонымі 
і апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобразу Таго, Хто яго стварыў, 
дзе няма Грэка і Юдэя, абразаньня і неабразаньня, барбара, Скіфа, слугі, свабоднага, але ўсё і ў-ва ўсім Хрыстос. 
Дык апраніцеся, як выбраныя Божыя, сьвятыя і ўлюбёныя, у міласэрнасьць, ласкавасьць, пакору, ціхасьць, доўгацярплівасьць, 
церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду, як Хрыстос дараваў вам, гэтак і вы. 
А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсьць вузел дасканаласьці, 
і няхай гаспадарыць у сэрцах вашых супакой Божы, да якога вы і пакліканыя ў адным целе, і будзьце ўдзячныя. 
Слова Хрыстовае няхай жыве ў вас багата, у-ва ўсякай мудрасьці; навучайце і настаўляйце адзін аднаго псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, у ласцы сьпяваючы Госпаду ў сэрцах вашых. 
І ўсё, што вы робіце, словам або справаю, усё рабіце ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу. 
Жонкі, падпарадкоўвайцеся мужам вашым, як прыстойна ў Госпадзе. 
Мужы, любіце жонак і ня будзьце для іх прыкрымі. 
Дзеці, слухайцеся бацькоў у-ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду. 
Бацькі, не зьнеахвочвайце дзяцей вашых, каб яны не гублялі духа. 
Слугі, у-ва ўсім слухайцеся паноў паводле цела, не на вачах толькі паслугуючы, як тыя, што людзям дагаджаюць, але ў шчырасьці сэрца, баючыся Бога. 
І ўсё, што робіце, рабіце ад душы, як для Госпада, а не для людзей, 
ведаючы, што ад Госпада атрымаеце ў нагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту. 
А хто робіць крыўду, атрымае паводле зробленае крыўды, бо няма ў Бога ўзіраньня на аблічча. 
