﻿КАЛАСЯНАЎ.
2.
Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе, 
каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста, 
у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя. 
А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі. 
Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста. 
Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім, 
укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю. 
Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста. 
Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна, 
і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады. 
У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым. 
Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, 
і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі, 
сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа, 
распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім. 
Дык няхай ніхто ня судзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку, ці субоце. 
Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае. 
Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго 
і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым. 
Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў: 
«Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай», 
што ўсё вядзе да сапсутасьці праз само ўжываньне, паводле пастановаў і вучэньня чалавечага? 
Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардаваньні цела, не ў пашане да таго, што насычае цела. 
