﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА КАЛАСЯНАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА.
1.
 Павал, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, і Цімафей, брат, — 
тым, што ў Калосах, сьвятым і верным братам у Хрысьце: ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 
Дзякуем Богу і Айцу Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся пра вас, 
пачуўшы пра веру вашую ў Хрыста Ісуса і пра любоў да ўсіх сьвятых, 
дзеля надзеі, якая вызначана вам у небе, пра што вы раней чулі ў слове праўды Эвангельля, 
якое ёсьць у вас, як і ў-ва ўсім сьвеце, і дае плод, як і між вамі, з таго дня, калі вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе, 
як і навучыліся ад Эпафраса, улюбёнага таварыша нашага, які ёсьць верным за вас служыцелем Хрыста, 
які і паведаміў нам пра вашую любоў у духу. 
Дзеля гэтага і мы з таго дня, як пачулі, не перастаем маліцца за вас і прасіць, каб вы былі напоўненыя пазнаньнем волі Яго ў-ва ўсякай мудрасьці і разуменьні духоўным, 
каб вы хадзілі дастойна Госпада, у-ва ўсім дагаджаючы Яму, даючы плод у кожнай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнаньні Бога, 
дужэючы ўсякаю сілаю паводле магутнасьці славы Яго на ўсякую цярплівасьць і доўгацярплівасьць з радасьцю, 
дзякуючы Айцу, Які даў нам здольнасьць удзельнічаць у спадчыне сьвятых у сьвятле, 
Які выбавіў нас ад улады цемры і перамясьціў у Валадарства Сына любові Сваёй, 
у Якім мы маем адкупленьне праз кроў Ягоную і адпушчэньне грахоў. 
Ён ёсьць вобраз Бога нябачнага, Першародны ўсякага стварэньня; 
бо ў Ім створана ўсё, што ў небе і што на зямлі, бачнае і нябачнае: ці то пасады, ці то панаваньні, ці то начальствы, ці то ўлады, — усё праз Яго і для Яго створана; 
і Ён ёсьць перад усім, і ўсё ў Ім стаіць. 
І Ён ёсьць галава Цела — Царквы; Ён — Пачатак, Першародны з мёртвых, каб быць Яму ў-ва ўсім першым, 
бо было даспадобы, каб у Ім жыла ўсякая поўня 
і каб праз Яго пагадзіць з Сабою ўсё, учыніўшы праз Яго, праз кроў крыжа Ягонага мір і з тым, што на зямлі, і з тым, што ў небе. 
І вас, якія былі некалі адлучаныя і ворагі, разуменьнем зьвернутыя да злых справаў, 
цяпер пагадзіў ва ўласным целе Яго праз сьмерць, каб паставіць вас сьвятымі, і беззаганнымі, і бездакорнымі перад Сабою, 
калі толькі застаецеся ў веры цьвёрда і непарушна, і не адпадаеце ад надзеі Эвангельля, якое вы чулі, якое абвешчана ўсяму стварэньню пад небам, якога я, Павал, стаўся служыцелем. 
Цяпер я радуюся ў пакутах маіх за вас і дапаўняю нястачу ў целе маім прыгнётаў Хрыстовых за Цела Ягонае, якое ёсьць Царква, 
якой я стаўся служыцелем паводле распарадкаваньня Божага, дадзенага мне дзеля вас, каб споўніць слова Божае, 
тайну, схаваную ад вякоў і ад пакаленьняў, а цяпер выяўленую сьвятым Ягоным, 
якім захацеў Бог паведаміць, якое багацьце славы тайны гэтай сярод паганаў, якая ёсьць Хрыстос у вас, надзея славы, 
Якога мы прапаведуем, настаўляючы ўсякага чалавека і вучачы ўсякага чалавека ўсякае мудрасьці, каб нам паставіць усякага чалавека дасканалым у Хрысьце Ісусе, 
дзеля чаго я і працую, змагаючыся паводле дзеяньня Яго, якое дзейнічае ў-ва мне магутна. 
