﻿ФІЛІПЯНАЎ.
3.
Нарэшце, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам гэта для мяне ня цяжка, а для вас карысна. 
Зважайце на сабак, зважайце на благіх работнікаў, зважайце на нібыта абрэзаных, 
бо абрэзаныя — гэта мы, якія служым Богу духам, і хвалімся ў Хрысьце Ісусе, і ня ў целе маем спадзяваньне; 
хоць я маю пэўнасьць і ў целе. Калі хто іншы думае спадзявацца на цела, дык я больш, 
абрэзаны ў восьмы дзень, з роду Ізраіля, з калена Бэн’яміна, Гебрай з Гебраяў, паводле Закону — фарысэй, 
які праз руплівасьць перасьледаваў Царкву, паводле праведнасьці, якая з Закону, — беззаганны. 
Але тое, што для мяне было набыткам, дзеля Хрыста я палічыў за страту. 
І больш таго, усё лічу за страту дзеля вышэйшага пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго, дзеля Якога я ўсё страціў і лічу за гной, каб Хрыста здабыць 
і апынуцца ў Ім, маючы не маю праведнасьць, якая праз Закон, але тую, якая праз веру ў Хрыста, праведнасьць ад Бога праз веру, 
каб пазнаць Яго, і сілу ўваскрасеньня Яго, і супольнасьць пакутаў Яго, прыпадабняючыся сьмерці Яго, 
каб толькі дасягнуць паўстаньня з мёртвых. 
Не таму, што я ўжо атрымаў ці ўжо споўніў усё, але імкнуся, ці не дасягну і я таго, як мяне дасягнуў Хрыстос Ісус. 
Браты, я не лічу сябе, што дасягнуў, а толькі, забываючыся пра тое, што ззаду, і імкнучыся да таго, што наперадзе, 
імчу да мэты, да ўзнагароды пакліканьня Божага, якое з гары ў Хрысьце Ісусе. 
Дык усе, хто дасканалыя, будзем думаць гэтак. А калі вы што іначай думаеце, і гэтае Бог вам адкрые. 
Па-за гэтым, чаго мы дасягнулі, паводле гэтага правіла будзем хадзіць і гэтак думаць. 
Будзьце падобнымі, браты, да мяне, і зважайце на тых, хто гэтак ходзіць, паводле ўзору, які маеце ў нас. 
Бо многія, пра якіх я часта казаў вам, а цяпер і са сьлязьмі кажу, ходзяць як ворагі крыжа Хрыстовага. 
Іхні канец — загуба, іхні бог — чэрава, і слава іхняя ў сораме іх, яны думаюць пра зямное. 
А нашае грамадзянства — у небе, адкуль мы і чакаем Збаўцу, Госпада Ісуса Хрыста, 
Які зьменіць выгляд цела паніжэньня нашага, каб яно сталася падобным да цела славы Яго, дзеяньнем, якім Ён дзейнічае і падпарадкоўвае Сабе ўсё. 
