﻿ЭФЭСЦАЎ.
2.
І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя, 
у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, — 
між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, — 
Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас, 
і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай Божай вы збаўленыя, — 
і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе, 
каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе. 
Бо ласкаю Божай вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар: 
не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся. 
Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі. 
Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам абразаньнем, зробленым рукамі, 
што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце. 
А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста. 
Бо Ён — супакой наш, Які ўчыніў з абодвух адно і зруйнаваў загарадку, што стаяла пасярэдзіне, 
зьнішчыўшы варожасьць Целам Сваім, Закон прыказаньняў, які быў у пастановах, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы супакой, 
і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць. 
І, прыйшоўшы, Ён дабравесьціў супакой вам, якія далёка і якія блізка, 
бо праз Яго абодва маем доступ да Айца ў адным Духу. 
Дык вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога, 
збудаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень, 
на якім уся пабудова, ра­зам змацаваная, расьце ў сьвятую бажніцу ў Госпадзе, 
на якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам. 
