﻿ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ АПОСТАЛА ПАЎЛА.
1.
 Павал, апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых, 
і ўсе браты, што са мною, — цэрквам Галятыі: 
ласка вам і супакой ад Бога Айца і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, 
Які аддаў Сябе за грахі нашыя, каб вырваць нас з цяперашняга веку злога паводле волі Бога і Айца нашага, 
Якому слава на вякі вякоў. Амэн. 
Дзіўлюся, што вы гэтак хутка перакінуліся ад Таго, Які паклікаў вас да ласкі Хрыста, да іншага дабравесьця, 
якое ня ёсьць іншае, а толькі ёсьць некаторыя, якія вас трывожаць і хочуць перамяніць Эвангельле Хрыстовае. 
Але калі нават мы ці анёл з неба будзе дабравесьціць вам насуперак таму, што мы дабравесьцілі вам, няхай будзе адлучаны! 
Як раней мы сказалі, і цяпер ізноў кажу: калі хто дабравесьціць вам насуперак таму, што вы прынялі, няхай будзе адлучаны! 
Бо ці ж я на людзей спадзяюся, ці на Бога? Ці шукаю, каб спадабацца людзям? Бо калі б я яшчэ людзям дагаджаў, дык ня быў бы слугою Хрыста. 
Паведамляю ж вам, браты, што Эвангельле, якое я дабравесьціў, ня ёсьць ад чалавека; 
бо я не праз чалавека прыняў яго і быў навучаны, але праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста. 
Бо вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, што я бяз меры перасьледаваў Царкву Божую і нішчыў яе, 
і апярэджваў у Юдэйстве многіх аднагодкаў у родзе маім, будучы найбольшым рупліўцам традыцыяў бацькоў маіх. 
Калі ж спадабалася Богу, Які аддзяліў мяне ад улоньня маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй, 
адкрыць у-ва мне Сына Свайго, каб я дабравесьціў Яго сярод паганаў, я адразу не зьвярнуўся да цела і крыві 
і не ўзыйшоў у Ерусалім да апосталаў, якія былі раней за мяне, але пайшоў у Арабію і зноў вярнуўся ў Дамаск. 
Пасьля, праз тры гады, я ўзыйшоў у Ерусалім пабачыцца з Пятром і быў у яго пятнаццаць дзён. 
А з іншых апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якуба, брата Госпадавага. 
А што пішу вам, вось, перад Богам сьведчу, што не хлушу. 
Пасьля я пайшоў у краіны Сірыі і Кілікіі. 
А з аблічча я быў невядомы цэрквам Юдэі, што ў Хрысьце, 
а толькі чулі яны, што той, які некалі перасьледаваў іх, цяпер дабравесьціць веру, якую раней нішчыў, 
і славілі за мяне Бога. 
