﻿1 КАРЫНЬЦЯНАЎ.
15.
Паведамляю вам, браты, Эвангельле, якое я дабравесьціў вам, і якое вы прынялі, і ў якім стаіцё, 
і праз якое збаўляецеся, калі будзеце трымацца таго слова, якое я дабравесьціў вам, калі толькі не надарма паверылі. 
Бо я найперш перадаў вам тое, што і сам прыняў, што Хрыстос памёр за грахі нашыя паводле Пісаньняў, 
і што Ён быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, паводле Пісаньняў, 
і што Ён зьявіўся Кіфе, а пасьля — Дванаццаці, 
пасьля зьявіўся больш чым пяцістам братам за раз, з якіх многія дагэтуль жывуць, а некаторыя паўміралі; 
пасьля зьявіўся Якубу, пасьля — усім апосталам, 
а апошняму з усіх зьявіўся і мне, быццам неданоску. 
Бо я — найменшы з апосталаў, які ня варты называцца апосталам, бо я перасьледаваў царкву Божую, 
але з ласкі Бога ёсьць тым, кім ёсьць, і ласка Ягоная ў-ва мне не была дарэмнай, але я больш за іх усіх працаваў; дый ня я, але ласка Божая, якая са мною. 
Дык ці я, ці яны, мы гэтак абвяшчаем, і вы гэтак паверылі. 
А калі пра Хрыста абвяшчаецца, што Ён уваскрос з мёртвых, як некаторыя з вас кажуць, што няма ўваскрасеньня мёртвых? 
Калі няма ўваскрасеньня мёртвых, дык і Хрыстос не ўваскрос; 
а калі Хрыстос не ўваскрос, тады дарэмнае і абвяшчэньне нашае, дарэмная і вера вашая. 
А нас знайшлі б фальшывымі сьведкамі Божымі, бо мы сьведчылі пра Бога, што Ён уваскрасіў Хрыста, Якога не ўваскрашаў, калі мёртвыя не ўваскрасаюць. 
Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрос; 
а калі Хрыстос не ўваскрос, дык вера вашая марная, вы яшчэ ў грахах вашых. 
Таму і тыя, якія памерлі ў Хрысьце, загінулі. 
Калі мы толькі ў гэтым жыцьці спадзяемся на Хрыста, мы найбольш жалю вартыя з усіх людзей. 
Але цяпер Хрыстос уваскрос з мёртвых, стаўся Першынцам сярод памёршых. 
Бо як праз чалавека сьмерць, гэтак праз чалавека і ўваскрасеньне мёртвых. 
Бо як у Адаме ўсе паміраюць, гэтак у Хрысьце ўсе ажывуць, 
але кожны — у сваім парадку: Першынец — Хрыстос, пасьля — Хрыстовыя ў прыйсьце Ягонае, 
а пасьля — канец, калі Ён перадасьць Валадарства Богу і Айцу, калі зьнішчыць усякае начальства, і ўсякую ўладу і сілу, 
бо Яму належыць валадарыць, пакуль пакладзе ўсіх ворагаў пад ногі Свае. 
Апошні вораг будзе зьнішчаны — сьмерць, 
бо ўсё падпарадкаваў пад ногі Яго. А калі сказана, што ўсё падпарадкавана, зразумела, што акрамя Таго, Які падпарадкаваў Яму ўсё. 
А калі ўсё будзе падпарадкавана Яму, тады і Сам Сын падпарадкуецца Таму, Які падпарадкаваў Яму ўсё, каб быў Бог усё ў-ва ўсім. 
Іначай, што будуць рабіць тыя, якія хрысьцяцца дзеля мёртвых? Калі мёртвыя зусім не ўваскрасаюць, навошта хрысьціцца дзеля мёртвых? 
Навошта і мы ўсякую гадзіну ў небясьпецы? 
Я штодня паміраю, сцьвяржае гэта пахвала вашая, якую маю ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым. 
Калі б я па-чалавечаму змагаўся са зьвярамі ў Эфэсе, якая мне карысьць, калі мёртвыя не ўваскрасаюць? «Будзем есьці і піць, бо заўтра памром!» 
Не падманвайце сябе: благія таварыствы псуюць добрыя звычаі. 
Працьверазіцеся на праведнасьць і не грашыце; бо некаторыя з вас ня ведаюць Бога, на сорам вам кажу. 
Але скажа нехта: «Як уваскрэснуць мёртвыя? Ды ў якім целе прыйдуць?» 
Неразумны! Тое, што ты сееш, не ажыве, калі не памрэ. 
І тое, што сееш, сееш ня цела, якое будзе, але голае зерне, можа, пшанічнае, ці якое іншае, 
а Бог дае яму цела, як хоча, і кожнаму насеньню — сваё цела. 
Ня ўсякае цела такое самае цела, але адно цела ў людзей, а іншае цела ў жывёлаў, іншае ў рыбаў, іншае ў птушак. 
І ёсьць целы нябесныя, і целы зямныя; але адна слава нябесных, а другая — зямных, 
іншая слава сонца, і іншая слава месяца, і іншая слава зорак, бо зорка ад зоркі розьніцца ў славе. 
Гэтак і ўваскрасеньне мёртвых: сеецца ў сапсутасьці, уваскрашаецца ў незьнішчальнасьці; 
сеецца ў ганьбе, уваскрашаецца ў славе; сеецца ў нядужасьці, уваскрашаецца ў моцы; 
сеецца цела душэўнае, уваскрашаецца цела духоўнае. Ёсьць цела душэўнае, і ёсьць цела духоўнае. 
Гэтак і напісана: «Стаўся першы чалавек Адам душою жывою», а апошні Адам — дух, які ажыўляе. 
Але спачатку не духоўнае, але душэўнае; духоўнае пасьля. 
Першы чалавек — з зямлі, зямны; другі Чалавек — Госпад з неба. 
Які зямны, гэтакія і зямныя; і які Нябесны, гэтакія і нябесныя. 
І як мы насілі вобраз зямнога, будзем насіць і вобраз Нябеснага. 
А тое скажу, браты, што ня могуць цела і кроў успадкаеміць Валадарства Божага, і сапсутасьць не ўспадкаеміць незьнішчальнасьці. 
Вось, кажу вам тайну: ня ўсе мы памром, але ўсе пераменімся, 
у адзін момант, у імгненьне вока, пры апошняй трубе; бо затрубіць, і мёртвыя ўваскрэснуць незьнішчальнымі, і мы пераменімся. 
Бо зьнішчальнае гэтае мусіць апрануцца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае — апрануцца ў несьмяротнасьць. 
А калі зьнішчальнае гэтае апранецца ў незьнішчальнасьць, і сьмяротнае гэтае апранецца ў несьмяротнасьць, тады станецца напісанае слова: «Паглынутая сьмерць перамогаю». 
«Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?» 
Джала сьмерці — грэх, а сіла грэху — закон. 
Падзяка ж Богу, Які даў нам перамогу праз Госпада нашага Ісуса Хрыста! 
Так што, браты мае ўлюбёныя, будзьце непарушныя, непахісныя, у справе Госпадавай мейце рупнасьць заўсёды, ведаючы, што праца вашая не дарэмная перад Госпадам. 
