﻿1 КАРЫНЬЦЯНАЎ.
13.
Калі я гавару мовамі чалавечымі і анёльскімі, а любові ня маю, я — медзь, якая зьвініць, ці цымбалы, якія гудуць. 
І калі я маю прароцтва, і ведаю ўсе тайны і ўсякае веданьне, і калі маю ўсю веру, каб і горы перастаўляць, а любові ня маю, я — нішто. 
І калі я раздам усю маёмасьць маю, і аддам цела маё на спаленьне, а любові ня маю, няма мне ніякае карысьці. 
Любоў доўга церпіць, робіць дабро; любоў не зайздросьціць; любоў не вывышаецца, не надзімаецца, 
ня робіць непрыстойнага, не шукае свайго, ня гневаецца, ня думае ліхога, 
ня радуецца з няправеднасьці, але цешыцца з праўды; 
усё вытрымлівае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё трывае. 
Любоў ніколі ня зьнікне, калі нават прароцтвы зьнікнуць, калі мовы змоўкнуць, калі веданьне зьнішчыцца. 
Бо мы часткова ведаем і часткова прарочым; 
а калі прыйдзе дасканалае, тады тое, што частковае, зьнікне. 
Калі я быў немаўлём, як немаўлятка гаварыў, як немаўлятка думаў; а калі стаўся мужам, пакінуў тое, што немаўляці. 
Бо цяпер мы бачым праз мутнае шкло, невыразна; а тады — абліччам да аблічча; цяпер я разумею часткова, а тады пазнаю гэтаксама, як я сам пазнаны. 
А цяпер застаюцца вера, надзея, любоў — гэтыя тры; але большая з іх — любоў. 
