﻿1 КАРЫНЬЦЯНАЎ.
11.
Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста. 
Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам. 
Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог. 
Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву. 
А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная. 
Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву. 
Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа. 
Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа. 
І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа. 
Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве знак улады дзеля анёлаў. 
Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе. 
Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога. 
Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу? 
Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго, 
а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня. 
А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя. 
А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае. 
Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру, 
бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі. 
Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма ў вас спажываньня вячэры Госпада, 
бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін застаецца галодным, а другі ўпіваецца. 
Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю. 
Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб 
і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне». 
Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне». 
Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе. 
Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпада. 
Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага. 
Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не раззважаючы пра Цела Госпада. 
Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае. 
Бо калі мы разважаем пра саміх сябе, ня будзем суджанымі. 
А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам. 
Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце. 
А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду. 
