﻿РЫМЛЯНАЎ.
12.
Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае, 
і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае Богу, і дасканалае. 
Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры. 
Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу, 
гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго — члены. 
Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, няхай будзе згодна з верай; 
калі служэньне — у служэньні; калі хто вучыць — у навучаньні; 
калі хто суцяшае — у суцяшэньні; калі хто раздае — у шчырасьці; калі хто кіруе — з дбайнасьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць — з ахвотаю. 
Любоў няхай будзе некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра. 
Братняя любоў адзін да аднаго няхай будзе ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце; 
у дбайнасьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце; 
маючы надзею, радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве — няспыннымі; 
у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці. 
Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце. 
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача. 
Думайце адзін пра аднаго аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе. 
Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі. 
Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі. 
Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу Божаму, бо напісана: «“Мне належыць помста, Я аддам”, — кажа Госпад». 
Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя. 
Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром. 
