﻿ДЗЕІ.
14.
Сталася ж у Іконіі, што ўвайшлі яны разам у сынагогу Юдэйскую і гаварылі гэтак, што паверыла вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў. 
А Юдэі, якія ня верылі, паднялі і раз’юшылі супраць братоў душы паганаў. 
Аднак яны былі там даволі часу, адважна гаворачы пра Госпада, Які сьведчыў пра слова ласкі Сваёй і чыніў знакі і цуды праз рукі іхнія. 
І падзялілася мноства ў горадзе, і адны былі з Юдэямі, а другія — з апосталамі. 
А калі пагане і Юдэі з начальнікамі сваімі намерваліся зьняважыць і ўкаменаваць іх, 
яны, даведаўшыся, уцяклі ў гарады Лікаонскія Лістру і Дэрбу, і ў ваколіцу, 
і былі там, дабравесьцячы. 
І нейкі чалавек у Лістры, немачны на ногі, сядзеў, бо ад чэрава маці сваёй быў кульгавы і ніколі не хадзіў. 
Ён слухаў Паўла, які гаварыў, і той, глянуўшы на яго і бачачы, што ён мае веру дзеля збаўленьня, 
сказаў моцным голасам: «Стань на ногі твае проста!» І ён падскочыў, і хадзіў. 
А натоўп, бачачы, што зрабіў Павал, падняў голас свой, кажучы па-лікаонску: «Богі, падобныя да людзей, зыйшлі да нас!» 
І называлі Барнабу Зэўсам, а Паўла — Гермэсам, бо ён быў правадыром у слове. 
А сьвятар Зэўса, што стаяў перад горадам іхнім, прывёўшы валоў з вянкамі да брамаў, хацеў разам з натоўпам закалоць іх у ахвяру. 
Апосталы ж Барнаба і Павал, пачуўшы пра гэта, разьдзёршы адзеньне сваё, кінуліся ў натоўп, крычучы і кажучы: 
«Мужы! Што вы гэта робіце? І мы падобныя да вас людзі, якія дабравесьцім вам, каб адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога Жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, 
Які ў мінулых пакаленьнях пакінуў усе народы хадзіць сваімі шляхамі, 
ды не пакінуў сьведчыць пра Сябе, робячы дабро, даючы нам з неба дажджы і поры ўраджайныя, напаўняючы ежай і радасьцю сэрцы нашыя!» 
І, гаворачы гэтае, ледзь супакоілі натоўп, каб не заколвалі ахвяры для іх. 
А з Антыёхіі і Іконіі прыйшлі Юдэі і, намовіўшы натоўп і ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі яго за горад, думаючы, што ён памёр. 
Калі ж акружылі яго вучні, ён, устаўшы, увайшоў у горад і на заўтра выйшаў з Барнабам у Дэрбу. 
І дабравесьціўшы гэтаму гораду, і навучыўшы многіх, яны вярнуліся ў Лістру і Іконію, і Антыёхію, 
умацоўваючы душы вучняў, просячы трываць у веры і што праз шмат мукаў мусім мы ўвайсьці ў Валадарства Божае. 
І, ускладаючы рукі, яны паставілі ім старостаў у кожнай царкве, і, памаліўшыся з постам, даручылі іх Госпаду, у Якога яны паверылі. 
І, прайшоўшы праз Пісыдыю, прыйшлі ў Памфілію. 
І, прамовіўшы слова ў Пэргіі, зыйшлі ў Аталію. 
Адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзеныя ласцы Божай на справу, якую выканалі. 
Прыйшоўшы і сабраўшы царкву, яны расказалі, што ўчыніў з імі Бог і як расчыніў дзьверы веры паганам. 
І былі яны там немалы час з вучнямі. 
