﻿ДЗЕІ.
12.
А ў той час валадар Ірад падняў руку, каб рабіць зло некаторым з царквы, 
а Якуба, брата Яна, забіў мячом. 
І, бачачы, што гэта падабаецца Юдэям, дадаў, што схапіў і Пятра, а былі дні праснакоў, 
і, схапіўшы, пасадзіў у вязьніцу, загадаўшы чатыром чацьвёркам жаўнераў сьцерагчы яго, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго народу. 
Дык Пятра пільнавалі ў вязьніцы, а шчырая малітва за яго ўзносілася ад царквы да Бога. 
Калі ж Ірад меўся вывесьці яго, у тую ноч Пётар спаў між двух жаўнераў, зьвязаны двума ланцугамі, і перад дзьвярыма вартаўнікі пільнавалі вязьніцу. 
І вось, анёл Госпада стаў, і сьвятло засьвяціла ў цэлі, і, ударыўшы Пятра ў бок, падняў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І ўпалі з рук ягоных ланцугі. 
Анёл жа сказаў да яго: «Падперажыся і азуй сандалы твае». Ён зрабіў гэта, і той кажа яму: «Апрані адзеньне тваё і ідзі за мною». 
І, выйшаўшы, пайшоў за ім, і ня ведаў, ці праўда тое, што сталася праз анёла, а думаў, што бачыць відзеж. 
Абмінуўшы ж першую варту і другую, яны падыйшлі да жалезных брамаў, што вялі ў горад, якія самі расчыніліся ім, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і анёл адразу адыйшоў ад яго. 
І Пётар, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер праўдзіва ведаю, што Госпад паслаў анёла Свайго і вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі». 
І, агледзеўшыся, прыйшоў у дом Марыі, маці Яна, называнага Маркам, дзе многія сабраліся і маліліся. 
А калі Пётар грукаўся ў дзьверы брамаў, падыйшла паслухаць служка, на імя Рода, 
і, пазнаўшы голас Пятра, ад радасьці не адчыніла брамаў, а, убегшы, абвясьціла, што Пётар стаіць перад брамамі. 
Яны ж сказалі да яе: «Ты звар’яцела». А яна настойвала, што гэта ён. Яны ж казалі: «Гэта анёл ягоны». 
А Пётар працягваў грукацца. Адчыніўшы, яны ўбачылі яго і зьдзівіліся. 
Ён жа, даўшы знак рукою, каб маўчалі, распавёў ім, як Госпад вывеў яго з вязьніцы. І сказаў: «Абвясьціце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у іншае месца. 
А як настаў дзень, было хваляваньне немалое ў жаўнераў адносна таго, што магло стацца з Пятром. 
Ірад жа, шукаючы яго і не знайшоўшы яго, дапытаўшы вартаўнікоў, загадаў вывесьці іх на сьмерць. І, зыйшоўшы з Юдэі ў Цэзарэю, быў там. 
А быў Ірад дужа зазлаваны на Тырыянаў і Сідонцаў. Яны ж аднадушна прыйшлі да яго і, пераканаўшы Бласта, падкаморага валадарскага, прасілі міру, бо іхняя краіна жывілася ад валадарскае. 
У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы валадарскае адзеньне і сеўшы на судовым пасадзе, прамаўляў да іх, 
а народ крычаў: «Голас бога, а не чалавека!» 
А анёл Госпада адразу ўдарыў яго за тое, што ён не аддаў славу Богу, і, заедзены чэрвямі, ён памёр. 
А слова Божае расло і памнажалася. 
А Барнаба і Саўл, споўніўшы служэньне, вярнуліся з Ерусаліму, узяўшы з сабою Яна, якога звалі Маркам. 
