﻿ДЗЕІ.
3.
Пётар жа і Ян ішлі разам у сьвятыню а дзявятай гадзіне малітвы. 
І нейкі чалавек, кульгавы ад чэрава маці сваёй, якога насілі і кожны дзень лажылі ля дзьвярэй сьвятыні, называных Прыгожымі, прасіць міласьціну ў тых, якія ўваходзяць у сьвятыню, 
убачыўшы Пятра і Яна, што меліся ўвайсьці ў сьвятыню, прасіў у іх міласьціны. 
А Пётар, які з Янам углядаўся на яго, сказаў: «Паглядзі на нас». 
Ён жа ўзіраўся на іх, чакаючы нешта ад іх узяць. 
А Пётар сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне. А што маю, тое даю табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэту ўстань і хадзі!» 
І, узяўшы яго за правую руку, падняў. І адразу ўмацаваліся ногі і косткі ягоныя, 
і ён, падскочыўшы, стаў, і хадзіў, і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы, і скачучы, і хвалячы Бога. 
І ўвесь народ бачыў яго, як хадзіў і хваліў Бога. 
І пазналі яго, што ён быў той, які дзеля міласьціны сядзеў ля Прыгожых дзьвярэй сьвятыні; і напоўніліся страхам і зьдзіўленьнем ад таго, што здарылася з ім. 
А як аздароўлены кульгавы трымаўся Пятра і Яна, увесь народ у здуменьні прыбег да іх у прысенак, называны Салямонавым. 
Бачачы гэта, Пётар адказаў народу: «Мужы Ізраільцяне! Што зьдзіўляецеся гэтаму, ці што так углядаецеся на нас, нібыта мы сваёю сілай або пабожнасьцю зрабілі, каб ён хадзіў? 
Бог Абрагама, і Ісаака, і Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Сына Свайго Ісуса, Якога вы выдалі і ад Якога адракліся перад абліччам Пілата, калі той судзіў вызваліць Яго. 
Вы ж ад Сьвятога і Праведнага адракліся і прасілі дараваць вам чалавека забойцу, 
а Самаго Начальніка жыцьця забілі. Яго Бог падняў з мёртвых, і мы — сьведкі гэтага. 
І дзеля веры ў імя Ягонае ўмацавала імя Ягонае таго, каго вы бачыце і ведаеце; і вера, якая ад Яго, дала яму ацаленьне гэтае перад усімі вамі. 
І цяпер, браты, я ведаю, што праз няведаньне ўчынілі вы гэта, як і начальнікі вашыя, 
а Сам Бог, Які прадвесьціў праз вусны ўсіх Сваіх прарокаў, каб цярпець пакуты Хрысту, тое і споўніў. 
Дык навярніцеся і вярніцеся, каб сьцерліся грахі вашыя, 
каб прыйшлі часы асьвяжэньня ад аблічча Госпада, і каб Ён паслаў Ісуса Хрыста, Якога вам наперад абвясьціў, 
і Якога мусіла неба прыняць да часу напраўленьня ўсяго, пра што гаварыў Бог праз вусны ўсіх Сваіх сьвятых прарокаў ад вякоў. 
Бо Майсей сказаў бацькам: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне. Яго слухайце ў-ва ўсім, што будзе казаць вам. 
І будзе: кожная душа, якая не паслухае Прарока гэтага, будзе вынішчана з народу”. 
І ўсе прарокі ад Самуэля і па чарзе, якія толькі гаварылі, прапаведвалі гэтыя дні. 
Вы — сыны прарокаў і запавету, які заключыў Бог з бацькамі нашымі, кажучы да Абрагама: “І ў насеньні тваім дабраслаўлёныя будуць усе народы зямлі”. 
Вам першым Бог, уваскрасіўшы Сына Свайго Ісуса, паслаў Яго, дабраслаўляючы вас, каб адвярнуўся кожны ад зласьлівасьці сваёй». 
