﻿ЯНА.
7.
І хадзіў Ісус пасьля гэтага па Галілеі, бо не хацеў хадзіць па Юдэі, таму што Юдэі шукалі забіць Яго. 
Было ж блізка сьвята юдэйскае, сьвята Намётаў. 
Тады браты Ягоныя сказалі Яму: «Выйдзі адсюль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Твае бачылі справы Твае, якія Ты робіш. 
Бо ніхто нічога таемна ня робіць, і сам імкнецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, зьяві Сябе сьвету». 
Бо і браты Ягоныя таксама ня верылі ў Яго. 
Ісус жа кажа ім: «Час Мой яшчэ не прыйшоў, а для вас заўсёды час. 
Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу пра яго, што справы ягоныя злыя. 
Вы ідзіце на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо час Мой яшчэ ня споўніўся». 
Сказаўшы ім гэта, застаўся ў Галілеі. 
Калі ж пайшлі браты Ягоныя, тады і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але як быццам таемна. 
А Юдэі шукалі Яго на сьвяце і гаварылі: «Дзе Ён?» 
І шмат размоваў было адносна Яго ў натоўпах: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: «Не, бо Ён падманвае грамаду». 
Аднак ніхто не гаварыў адносна Яго яўна дзеля страху перад Юдэямі. 
Але ў палове сьвята Ісус увайшоў у сьвятыню і навучаў. 
І зьдзіўляліся Юдэі, кажучы: «Як Ён ведае Пісаньні, не вучыўшыся?» 
Адказаў ім Ісус і сказаў: «Маё вучэньне не Маё, але Таго, Хто паслаў Мяне. 
Калі хто хоча выконваць волю Яго, той зразумее адносна вучэньня гэтага, ці ад Бога яно, ці Я ад Сябе гавару. 
Хто гаворыць сам ад сябе, той шукае сваёй славы, а Хто шукае славы Таго, Хто паслаў Яго, Той праўдзівы, і няма ў Ім няправеднасьці. 
Ці ня даў вам Майсей Закону? І ніхто з вас не выконвае Закон. За што шукаеце забіць Мяне?» 
Натоўп адказаў і сказаў: «Дэмана Ты маеш. Хто шукае забіць Цябе?» 
Адказаў Ісус і сказаў ім: «Адну справу Я зрабіў, і вы ўсе зьдзіўляецеся. 
Майсей даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсея, але ад бацькоў, і ў суботу вы абразаеце чалавека. 
Калі ў суботу абразаецца чалавек, каб ня быў парушаны закон Майсееў, чаму ж вы незадаволеныя Мною, што Я ўсяго чалавека зрабіў здаровым у суботу? 
Не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце судом справядлівым». 
Казалі тады некаторыя з Ерусалімцаў: «Ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць? 
І вось Ён яўна гаворыць, і нічога ня кажуць Яму. Ці не пераканаліся начальнікі, што Ён сапраўды Хрыстос? 
Але мы ведаем Яго, адкуль Ён. Калі ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ведаць, адкуль Ён». 
Усклікнуў тады Ісус у сьвятыні, навучаючы і кажучы: «І Мяне ведаеце, і ведаеце адкуль Я, і Я прыйшоў ня Сам ад Сябе, але праўдзівы Той, Які паслаў Мяне, Якога вы ня ведаеце. 
А Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў». 
І шукалі, каб схапіць Яго, і ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла гадзіна Ягоная. 
Многія ж з натоўпу паверылі ў Яго і казалі: «Хрыстос, калі прыйдзе, няўжо ўчыніць больш знакаў, чым Гэты ўчыніў?» 
Пачулі фарысэі натоўп, які гэтак гаварыў адносна Яго; і паслалі фарысэі і першасьвятары паслугачоў, каб схапілі Яго. 
Ісус жа сказаў ім: «Яшчэ трохі часу Я буду з вамі, і пайду да Таго, Які паслаў Мяне. 
Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці». 
Гаварылі тады Юдэі між сабою: «Куды Ён мае ісьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці ня мае Ён ісьці да грэцкага расьцярушаньня і навучаць Грэкаў? 
Што мае значыць гэтае слова, якое Ён сказаў: “Будзеце шукаць Мяне і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы ня можаце прыйсьці”? » 
А ў апошні вялікі дзень сьвята Ісус стаяў і ўсклікнуў, кажучы: «Калі хто смагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. 
Хто верыць у Мяне, як сказана ў Пісаньні, у таго з жывата пацякуць рэкі вады жывое». 
Гэта сказаў Ён пра Духа, Якога меліся прыняць тыя, якія вераць у Яго, бо не было яшчэ Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус праслаўлены. 
Многія з натоўпу, пачуўшы гэта слова, казалі: «Ён, сапраўды, — прарок». 
Другія казалі: «Ён — Хрыстос». А іншыя казалі: «Хіба з Галілеі прыйдзе Хрыстос? 
Ці ж не сказана ў Пісаньні, што з насеньня Давідавага і з Бэтлеему, мястэчка, адкуль быў Давід, прыйдзе Хрыстос?» 
І стаўся дзеля Яго падзел у натоўпе. 
А некаторыя з іх хацелі схапіць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі. 
Тады вярнуліся паслугачы да першасьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі ім: «Чаму вы не прывялі Яго?» 
Паслугачы адказалі: «Ніколі чалавек не гаварыў так, як Гэты Чалавек». 
Фарысэі тады адказалі ім: «Няўжо і вы падманутыя? 
Ці паверыў у Яго хто з начальнікаў ці з фарысэяў? 
Але гэты натоўп, які ня ведае Закону, ён пракляты». 
Кажа ім Нікадэм, адзін з іх, які прыходзіў да Яго ўначы: 
«Няўжо судзіць наш Закон чалавека, ня выслухаўшы яго спачатку і не даведаўшыся, што ён робіць?» 
Адказалі і сказалі яму: «Няўжо і ты з Галілеі? Дасьледуй і пабач, што з Галілеі прарок не паўставаў». 
І пайшоў кожны ў дом свой. 
