﻿ЯНА.
3.
Быў жа сярод фарысэяў чалавек на імя Нікадэм, начальнік юдэйскі. 
Ён прыйшоў да Ісуса ўначы і сказаў Яму: «Раббі! Мы ведаем, што Ты Настаўнік, Які прыйшоў ад Бога, бо ніхто ня можа рабіць такіх знакаў, якія Ты робіш, калі б ня быў з ім Бог». 
Адказаў яму Ісус і сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца звыш, ня можа ўбачыць Валадарства Божага». 
Кажа Яму Нікадэм: «Як можа чалавек нарадзіцца, калі ён стары? Няўжо ж ён другі раз можа ўвайсьці ў чэрава маці сваёй і нарадзіцца?» 
Адказаў Ісус: «Сапраўды, сапраўды кажу табе: Калі хто не народзіцца з вады і Духа, ня можа ўвайсьці ў Валадарства Божае. 
Народжанае з цела ёсьць цела, а народжанае з Духа ёсьць дух. 
Не зьдзіўляйся, што Я сказаў табе: Трэба вам нарадзіцца звыш. 
Дух дыхае, дзе хоча, і голас Яго чуеш, але ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды адыходзіць; гэтак і ўсякі, народжаны з Духа». 
Адказаў Нікадэм і сказаў Яму: «Як гэта можа стацца?» 
Адказаў Ісус і сказаў яму: «Ты — настаўнік Ізраіля, і гэтага ня ведаеш? 
Сапраўды, сапраўды кажу табе: Мы гаворым пра тое, што ведаем, і сьведчым пра тое, што бачылі, і вы сьведчаньня Нашага не прыймаеце. 
Калі Я сказаў вам пра зямное, і ня верыце, як паверыце, калі буду гаварыць пра нябеснае? 
І ніхто не ўзыйшоў у неба, толькі Сын Чалавечы, Які ў небе, Які з неба зыйшоў. 
І, як Майсей падняў зьмея ў пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы, 
каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. 
Бо так палюбіў Бог сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага аддаў, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыцьцё вечнае. 
Бо не паслаў Бог Сына Свайго ў сьвет, каб судзіць сьвет, але каб сьвет быў збаўлены праз Яго. 
Хто верыць у Яго, ня судзіцца, а хто ня верыць, той ужо асуджаны, бо не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. 
Суд жа такі, што Сьвятло прыйшло ў сьвет, але людзі палюбілі цемру больш за сьвятло, бо ўчынкі іх былі злыя. 
Бо кожны, хто робіць благое, ненавідзіць сьвятло і не ідзе да сьвятла, каб не былі дакараныя ўчынкі ягоныя. 
А хто чыніць праўду, ідзе да сьвятла, каб відочнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны ў Богу ўчынены». 
Пасьля гэтага прыйшоў Ісус і вучні Ягоныя ў зямлю Юдэйскую, і там быў з імі, і хрысьціў. 
Ян жа таксама хрысьціў у Эноне, недалёка ад Салему, бо вады там было шмат, і прыходзілі туды, і хрысьціліся, 
бо Ян яшчэ ня быў кінуты ў вязьніцу. 
І сталася спрэчка ў Янавых вучняў з Юдэямі пра ачышчэньне. 
І прыйшлі да Яна, і сказалі яму: «Раббі! Той, Які быў з табою за Ярданам, пра Якога ты сьведчыў, вось, Ён хрысьціць, і ўсе ідуць да Яго». 
Адказаў Ян і сказаў: «Ня можа чалавек нічога ўзяць, калі яму ня будзе дадзена з неба. 
Самі вы сьведкі мне ў тым, што я сказаў: “Я не Хрыстос, але я пасланы перад Ім”. 
Хто мае нявесту, той жаніх, а сябра жаніха, які стаіць і слухае яго, радасьцю радуецца дзеля голасу жаніха. Вось гэтая радасьць мая споўнілася. 
Яму трэба расьці, а мне — малець». 
Хто з вышыні прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, а хто з зямлі, той зямны і з зямлі гаворыць. Хто з неба прыходзіць, Той вышэй за ўсіх, 
і што бачыў і чуў, пра тое сьведчыць, і ніхто не прыймае сьведчаньня Ягонага. 
Хто ж прыняў Яго сьведчаньне, той запячатаў, што Бог праўдзівы. 
Бо Той, Каго паслаў Бог, гаворыць словы Божыя, бо ня мераючы дае Бог Духа. 
Айцец любіць Сына і ўсё аддаў у руку Яго. 
Хто верыць у Сына, мае жыцьцё вечнае, а хто ў Сына ня верыць, ня ўгледзіць жыцьця, але гнеў Божы будзе на ім. 
