﻿ЛУКІ.
21.
Глянуўшы ж, убачыў Ён багацеяў, якія кідалі дары свае ў скарбніцу. 
І ўбачыў адну бедную ўдаву, якая кінула туды дзьве лепты, 
і сказаў: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава кінула больш за ўсіх, 
бо ўсе тыя з лішку свайго кідалі ў дар Богу, а яна з нястачы сваёй кінула ўсё ўтрыманьне сваё, якое мела». 
І, калі некаторыя гаварылі пра сьвятыню, што яна аздоблена каштоўнымі камянямі і дарамі, Ён сказаў: 
«Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны». 
Спыталіся ж у Яго, кажучы: «Настаўнік! Калі ж гэта мае быць? І які знак, калі гэта мае стацца?» 
Ён жа сказаў: «Глядзіце, каб вас не падманулі, бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы, што гэта Я, і гэты час наблізіўся. Не хадзіце за імі. 
Калі ж пачуеце пра войны і бязладзьдзе, не жахайцеся, бо гэта мусіць стацца спачатку, але не адразу канец». 
Тады сказаў ім: «Паўстане народ на народ, і валадарства на валадарства, 
А месцамі будуць вялікія землятрусы, і голад, і пошасьць, таксама страхі і знакі з неба вялікія будуць. 
А перад усім гэтым ускладуць на вас рукі і будуць перасьледаваць вас, выдаючы ў сынагогі і вязьніцы, ведучы да валадароў і ваяводаў дзеля імя Майго. 
А станецца гэта дзеля сьведчаньня вам. 
Дык палажыце ў сэрцах вашых не абдумваць раней, як адказваць, 
бо Я дам вам вусны і мудрасьць, якой ня здолеюць ані пярэчыць, ані супрацьстаяць усе супраціўнікі вашыя. 
А будзеце выдадзеныя і бацькамі, і братамі, і сваякамі, і сябрамі; і некаторых з вас пазабіваюць, 
і будуць ненавідзець вас усе дзеля імя Майго, 
але і волас з галавы вашай не прападзе. 
У цярплівасьці вашай здабывайце душы вашыя. 
Калі ж убачыце Ерусалім, акружаны войскам, тады ра­зумейце, што наблізілася спусташэньне яго. 
Тады тыя, хто ў Юдэі, няхай бягуць у горы; і тыя, хто пасярод гораду, няхай выхо­дзяць; і тыя, хто ў ваколіцы, няхай не ўваходзяць у яго, 
бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё напісанае. 
Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні; бо будзе вялікае бедства на зямлі і гнеў на народзе гэтым. 
І ўпадуць ад вострыва мяча, і павядуць іх у палон да ўсіх паганскіх народаў, і Ерусалім будуць таптаць пагане, пакуль ня скончацца часы паганаў. 
І будуць знакі на сонцы, і месяцы, і зорках, і на зямлі ўціск народаў у зьбянтэжанасьці, як зараве і забушуе мора. 
І дрантвець будуць людзі ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на сусьвет, бо сілы нябесныя захістаюцца. 
І тады ўгледзяць Сына Чалавечага, Які прыходзіць у воблаку з моцаю і славаю вялікаю. 
Калі ж пачне гэтае дзеяцца, выпрастуйцеся і падніміце галовы вашыя, таму што набліжаецца адкупленьне вашае». 
І сказаў ім прыповесьць: «Глядзіце на фігавае дрэва і на ўсе дрэвы: 
калі яны ўжо распускаюцца, убачыўшы, разумееце самі, што ўжо блізка лета. 
Гэтак і вы, як убачыце, што гэтае стаецца, разумейце, што блізка ёсьць Валадарства Божае. 
Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца. 
Неба і зямля прамінуць, але словы Мае не прамінуць. 
Пільнуйце ж самі сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя абжорствам, і п’янствам, і клопатамі жыцьцё­вымі, і каб дзень той не прыйшоў да вас неспадзявана. 
Бо ён, як пастка, спадзе на ўсіх, што жывуць на абліччы ўсёй зямлі. 
Дык чувайце, молячыся ў-ва ўсякі час, каб вам быць вартымі ўцячы ад усяго, што мае стацца, і стаць перад Сынам Чалавечым». 
Удзень Ён навучаў у сьвятыні; а ночы, выходзячы, праводзіў на гары, называнай Аліўнай. 
І ўвесь народ з раніцы прыходзіў да Яго ў сьвятыню слухаць Яго. 
