﻿ЛУКІ.
10.
Пасьля гэтага прызначыў Госпад іншых семдзясят і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці. 
Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё. 
Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. 
Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце. 
У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!” 
І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца. 
А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. 
І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць; 
і аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”. 
А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце: 
“І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”. 
Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму. 
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле. 
Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам. 
І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш. 
Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне». 
А семдзясят вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё». 
Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца. 
Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам. 
Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе». 
У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе». 
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць». 
І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце! 
Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі». 
І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?» 
Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?» 
Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе». 
Ісус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць» 
Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?» 
На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога. 
Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго. 
Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго. 
А Самаранін нейкі, ідучы, падыйшоў да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся. 
І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго. 
А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”. 
Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?» 
Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак». 
І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой. 
І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае. 
А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне». 
Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае, 
а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе». 
