﻿МАРКА.
16.
І калі мінула субота, Марыя Магдалена, і Марыя Якубава, і Салямэя купілі духмянасьцяў, каб пайсьці памазаць Яго. 
І вельмі рана, у першы дзень пасьля суботы, прыходзяць да магілы, калі ўзыходзіла сонца. 
І гаварылі між сабою: «Хто нам адваліць камень ад уваходу ў магілу?» 
І, глянуўшы, бачаць, што камень адвалены, а быў ён надта вялікі. 
І, увайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, апранутага ў белую шату, які сядзеў з правага боку, і напалохаліся. 
А ён кажа ім: «Не палохайцеся! Вы шукаеце Ісуса з Назарэту, укрыжаванага? Ён уваскрос. Няма Яго тут. Вось месца, дзе палажылі Яго. 
Але ідзіце, скажыце вучням Ягоным і Пятру: “Ён ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам”». 
І яны, выйшаўшы, пабеглі ад магілы, і ахапіла іх трымценьне і захапленьне, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся. 
Уваскросшы раніцаю ў першы дзень пасьля суботы, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем дэманаў. 
Яна, пайшоўшы, паведаміла тым, што з Ім былі, якія плакалі і галасілі. 
Але тыя, пачуўшы, што Ён жывы і яна бачыла Яго, не паверылі. 
Пасьля гэтага Ён зьявіўся ў іншым выглядзе дваім з іх у дарозе, як ішлі ў вёску. 
І тыя, вярнуўшыся, паведамілі іншым, але і ім не паверылі. 
Нарэшце Ён зьявіўся Адзінаццаці, калі яны ўзьлягалі пры стале, і дакараў за недаверства іхняе і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскросшага. 
І сказаў ім: «Ідзіце на ўвесь сьвет і абвяшчайце Эвангельле ўсяму стварэньню. 
Хто паверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны. 
А тым, што павераць, будуць такія знакі: у імя Маё выганяць будуць дэманаў, новымі мовамі гаварыць будуць, 
зьмеяў браць будуць, і калі што сьмяротнае вып’юць, не пашкодзіць ім, на нямоглых рукі ўскладуць, і яны будуць здаровыя». 
Госпад жа пасьля размовы з імі ўзьнёсься ў неба і сеў праваруч Бога. 
А яны, пайшоўшы, абвяшчалі паўсюль Госпада, Які дапамагаў ім і сьцьвярджаў словы знакамі, якія іх суправаджалі. Амэн.
