﻿МАРКА.
7.
І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму. 
І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, вінавацілі іх. 
Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых. 
І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў. 
Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?» 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне. 
Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням і пастановам чалавечым”. 
Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце». 
І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць традыцыю вашую? 
Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”. 
А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: ‘Карбан’, гэта значыць, дар Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”, 
і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй, 
пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце». 
І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце. 
Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго. 
Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае». 
І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць. 
І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць, 
бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу». 
І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, яно апаганьвае яго, 
бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы, 
крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота. 
Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека». 
І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог. 
Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных. 
А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай. 
Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам». 
Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі, што ўпалі ад дзяцей». 
І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй». 
І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку. 
І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля. 
І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку. 
І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў вушы ягоныя, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага. 
І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся». 
І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць. 
І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі. 
І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі». 
