﻿МАРКА.
6.
І выйшаў адтуль, і прыйшоў у бацькаўшчыну Сваю, і вучні Ягоныя ідуць за Ім. 
І калі сталася субота, пачаў вучыць у сынагозе. І многія, слухаючы, дзівіліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтае? І што за мудрасьць дадзеная Яму, што нават цуды гэткія стаюцца праз рукі Яго? 
Ці ж гэта не цясьляр, сын Марыі, брат Якуба, Ёсіі, Юды і Сымона? Ці ж ня сёстры Ягоныя тут сярод нас?» І горшыліся праз Яго. 
А Ісус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў бацькаўшчыне сваёй і сярод сваякоў сваіх, і ў доме сваім». 
І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі некалькіх нямоглых, усклаўшы рукі на іх, аздаравіў. 
І зьдзіўляўся з недаверства іхняга. І абыходзіў навакольныя мястэчкі, навучаючы. 
І паклікаў Дванаццаць, і пачаў пасылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. 
І загадаў ім, каб ня бралі нічога ў дарогу, акрамя аднаго кія: ані торбы, ані хлеба, ані медзі ў поясе, 
але ў сандалы абувацца і не апранацца ў дзьве вопраткі. 
І сказаў ім: «Дзе толькі ўвойдзеце ў дом, там заставайцеся, пакуль ня пойдзеце адтуль. 
І калі хто ня прыйме вас і ня будзе вас слухаць, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл з вашых ног на сьведчаньне ім. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе Садому і Гаморы ў дзень суду, чым гораду гэтаму». 
І яны, пайшоўшы, абвяшчалі, каб навярталіся, 
і мноства дэманаў выганялі, і многіх нямоглых мазалі алеем і аздараўлялі. 
І пачуў валадар Ірад пра Яго, бо імя Ягонае сталася вядомым, і сказаў: «Гэта Ян Хрысьціцель уваскрос з мёртвых, і таму цуды дзеюцца праз Яго». 
Іншыя казалі: «Гэта Ільля», а іншыя казалі: «Гэта прарок, або як адзін з прарокаў». 
Пачуўшы гэта, Ірад сказаў: «Гэта Ян, якому я сьцяў галаву. Ён уваскрос з мёртвых». 
Бо Ірад сам паслаў і ўзяў Яна, і ўвязьніў яго ў вязьніцы дзеля Ірадыяды, жонкі Філіпа, брата свайго, якую ён узяў за жонку. 
Бо Ян гаварыў Іраду: «Нельга табе мець жонку брата твайго». 
А сама Ірадыяда злавала на Яна і хацела яго зьнішчыць, але не магла, 
бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён чалавек праведны і сьвяты, і сьцярог яго, і шмат што рабіў, слухаючыся яго, і ахвотна яго слухаў. 
І як надарыўся зручны дзень, калі Ірад з нагоды народзін сваіх справіў вячэру для магнатаў сваіх, тысячнікаў і начальнікаў Галілейскіх, 
дачка Ірадыяды ўвайшла і танчыла, і спадабалася Іраду і тым, што з ім узьлягалі. І сказаў валадар дзяўчыне: «Прасі ў мяне, што хочаш, і я дам табе». 
І прысягнуў ёй: «Што папросіш у мяне, дам табе, хоць бы нават палову валадарства майго». 
Яна, выйшаўшы, спыталася ў маці сваёй: «Што мне прасіць?» Тая ж сказала: «Галаву Яна Хрысьціцеля». 
І яна, адразу шпарка вярнуўшыся да валадара, прасіла, кажучы: «Хачу, каб неадкладна даў ты мне на місе галаву Яна Хрысьціцеля». 
І валадар, хоць засмуткаваўшы, але дзеля прысягі і тых, што ўзьлягалі, не захацеў ёй адмовіць. 
І адразу, паслаўшы ката, валадар загадаў прынесьці галаву яго. 
Той, пайшоўшы, сьцяў яго ў вязьніцы, і прынёс галаву ягоную на місе, і даў дзяўчыне, а дзяўчына дала яе маці сваёй. 
І, пачуўшы пра гэта, вучні ягоныя прыйшлі і ўзялі цела ягонае, і палажылі яго ў магілу. 
І сабраліся апосталы да Ісуса, і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаго навучылі. 
І Ён сказаў ім: «Ідзіце адны ў пустыннае месца, і супачыньце крыху». Бо многа было тых, што прыходзілі і адыходзілі, і нават паесьці ня мелі часу. 
І паплылі ў пустыннае месца на чаўне адны. 
І бачыў натоўп, як яны адплывалі, і многія пазналі іх, і зьбегліся туды пешшу з усіх гарадоў, і апярэдзілі іх, і зыйшліся да Яго. 
І, выйшаўшы, Ісус убачыў вялікі натоўп, і зьлітаваўся з іх, бо яны былі як авечкі, што ня маюць пастуха, і пачаў навучаць іх шмат. 
І калі мінула шмат часу, вучні Ягоныя, прыйшоўшы да Яго, кажуць: «Месца гэтае пустыннае, а гадзіна ўжо позьняя. 
Адпусьці іх, каб, пайшоўшы ў навакольныя вёскі і мястэчкі, купілі сабе хлеба, бо яны ня маюць, што есьці». 
Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». І кажуць Яму: «Няўжо маем пайсьці і купіць за дзьвесьце дынараў хлеба, і даць ім есьці?» 
Ён жа гаворыць ім: «Колькі маеце хлябоў? Ідзіце і паглядзіце!» Яны, даведаўшыся, кажуць: «Пяць, і дзьве рыбы». 
І загадаў ім пасадзіць усіх грамадамі на зялёнай траве. 
І паселі шэраг за шэрагам па сто і па пяцьдзясят. 
І Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, глянуўшы ў неба, дабраславіў і паламаў хлябы, і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбы разьдзяліў для ўсіх. 
І елі ўсе, і наеліся. 
І сабралі кавалкаў дванаццаць поўных кашоў, і рэшткі рыбы. 
А тых, што елі хлябы, было каля пяці тысячаў мужчынаў. 
І адразу змусіў вучняў Сваіх увайсьці ў човен і плысьці наперад на другі бок, у Бэтсаіду, пакуль Ён адпусьціць натоўп. 
І, адпусьціўшы іх, пайшоў на гару маліцца. 
І як надыйшоў вечар, човен быў на сярэдзіне мора, а Ён адзін на зямлі. 
І ўбачыў іх, як мучыліся, плывучы, бо вецер быў супраціўны, і каля чацьвёртай варты ночы прыходзіць да іх, ідучы па моры, і хацеў абмінуць іх. 
Яны, убачыўшы Яго, як Ён ішоў па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі. 
Бо ўсе бачылі Яго і ўстрывожыліся. І Ён адразу прамовіў да іх, і кажа ім: «Будзьце пэўныя, гэта Я, ня бойцеся!» 
І ўвайшоў да іх у човен, і вецер сьціх. І яны празьмерна здумеліся ў сабе, і зьдзіўляліся, 
бо не зразумелі з хлябамі, бо сэрца іхняе было скамянелае. 
І, пераплыўшы, прыйшлі ў зямлю Генэсарэт, і прысталі да берагу. 
І калі яны выйшлі з чаўна, адразу пазналі Яго, 
абеглі ўвесь той край, і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чулі, быў Ён. 
І, калі Ён уваходзіў у якое паселішча, або горад, або вёску, клалі нядужых на плошчах, і прасілі Яго, каб хоць крыса шаты Яго дакрануцца; і колькі іх дакранулася Яго, былі аздароўлены. 
