﻿МАЦЬВЕЯ.
25.
Тады падобнае будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзяўчынаў, якія, узяўшы лямпы свае, выйшлі насустрач жаніху. 
А пяць з іх былі мудрыя, і пяць — дурныя. 
Тыя, што былі дурныя, узяўшы лямпы свае, ня ўзялі з сабою алею. 
А мудрыя ўзялі алей у пасудзінах сваіх разам з лямпамі сваімі. 
А як жаніх замарудзіў, задрамалі ўсе і паснулі. 
А сярод ночы ўзьняўся крык: “Вось, жаніх ідзе, выходзьце насустрач яму!” 
Тады ўсталі ўсе тыя дзяўчыны і направілі лямпы свае. 
Дурныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо лямпы нашыя згасаюць”. 
А мудрыя адказалі, кажучы: “Каб хапіла і нам, і вам, ідзіце лепш да прадаўцоў і купіце сабе”. 
Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і падрыхтаваныя ўвайшлі з ім на вясельле, і дзьверы былі зачыненыя. 
А пасьля прыходзяць і другія дзяўчыны, кажучы: “Пане, пане! Адчыні нам!” 
Ён жа, адказваючы, сказаў: “Сапраўды кажу вам: ня ведаю вас”. 
Дык чувайце, бо ня ведаеце ані дня, ані гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы. 
Бо, як чалавек, выяжджаючы, паклікаў слугаў сваіх і даў ім маёмасьць сваю. 
І аднаму даў пяць талентаў, а іншаму — два, а іншаму — адзін; кожнаму паводле сілы ягонай, і адразу выехаў. 
Той, які ўзяў пяць талентаў, пайшоўшы, працаваў з імі і прыдбаў другія пяць талентаў. 
Гэтаксама і той, які ўзяў два, прыдбаў і другія два. 
А той, які ўзяў адзін, адыйшоўшы, закапаў яго ў зямлю і схаваў срэбра пана свайго. 
Праз доўгі час прыходзіць пан слугаў тых і рахуецца з імі. 
І, падыйшоўшы, той, які ўзяў пяць талентаў, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: “Пане, пяць талентаў ты даў мне; вось другія пяць талентаў я прыдбаў на іх”. 
А пан ягоны прамовіў да яго: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 
Падыйшоўшы, той, які ўзяў два таленты, сказаў: “Пане, два таленты ты даў мне, вось, другія два таленты я прыдбаў на іх”. 
Прамовіў да яго пан ягоны: “Добра, добры і верны слуга! У малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць пана твайго”. 
А той, які ўзяў адзін талент, падыйшоўшы, сказаў: “Пане, я ведаю цябе, што ты — чалавек жорсткі, які жне, дзе ня сеяў, і зьбірае, дзе не рассыпаў. 
І, збаяўшыся, я пайшоў і схаваў талент твой у зямлю; вось, трымай тваё”. 
Адказваючы, пан ягоны сказаў яму: “Злы слуга і лянівы! Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў. 
Дык мусіў ты аддаць срэбра маё купцам; і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам. 
Дык вазьміце ў яго талент і дайце таму, які мае дзесяць талентаў. 
Бо ўсякаму, хто мае, будзе дадзена і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, і тое, што мае, будзе ўзята ў яго. 
А нягоднага слугу кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгат зубоў”. 
А калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй, і ўсе сьвятыя анёлы з Ім, тады Ён сядзе на пасадзе славы Сваёй. 
І будуць сабраныя перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. 
І паставіць авечак праваруч Сябе, а казлоў — леваруч. 
Тады скажа Валадар тым, якія праваруч Яго: “Ідзіце, дабраслаўлёныя Айцом Маім, вазьміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад заснаваньня сьвету. 
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есьці; Я смагнуў, і вы напаілі Мяне; быў чужынцам, і вы прынялі Мяне, 
быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязьніцы, і вы прыйшлі да Мяне”. 
Тады адкажуць Яму праведнікі, кажучы: “Госпадзе! Калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасьмяглым і напаілі? 
Калі ж мы бачылі Цябе чужынцам і прынялі, ці голым і апранулі? 
Калі ж мы бачылі Цябе хворым, ці ў вязьніцы, і прыйшлі да Цябе?” 
І, адказваючы, Валадар скажа ім: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі”. 
Тады скажа Ён і тым, якія леваруч: “Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. 
Бо Я быў галодны, і вы ня далі Мне есьці; смагнуў, і вы не напаілі Мяне; 
быў чужынцам, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязьніцы, і вы не адведалі Мяне”. 
Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: “Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасьмяглым, ці чужынцам, ці голым, ці хворым, ці ў вязьніцы, і не паслужылі Табе?” 
Тады адкажа Ён ім, кажучы: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, Мне не зрабілі”. 
І пойдуць гэтыя на пакараньне вечнае, а праведнікі — у жыцьцё вечнае». 
