﻿МАЛАХІЯ.
3.
Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад абліччам Маім, і раптоўна прыйдзе ў сьвятыню Сваю Госпад, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, Якога вы жадаеце. Вось, Ён прыйдзе, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
Але хто вытрымае дзень прыйсьця Ягонага, і хто ўстаіць, калі Ён зьявіцца? Бо Ён — як агонь, які топіць, і як мыла, якое мые. 
І Ён сядзе, каб растапіць і ачысьціць срэбра, і Ён ачысьціць сыноў Левія, і ператопіць іх як золата і срэбра, і яны будуць для ГОСПАДА прыносіць дары ў праведнасьці. 
І будзе прыемны для ГОСПАДА дар Юды і Ерусаліму, як у дні старавечныя і як у гады старадаўнія. 
І Я прыйду да вас на суд, і буду хутка сьведчыць супраць чараўнікоў і супраць чужаложнікаў, супраць тых, хто прысягае хлусьліва, і супраць тых, хто ўціскае ў плаце найміта, удаву і сірату, супраць тых, хто адпіхвае прыхадня і не баіцца Мяне, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
Бо Я — ГОСПАД, не мяняюся; і таму вы, сыны Якуба, ня будзеце зьнішчаны. 
Ад дзён бацькоў вашых вы адступілі ад пастановаў Маіх і не захоўвалі іх. Навярніцеся да Мяне, і Я павярнуся да вас, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. А вы кажаце: «У чым нам навярнуцца?» 
Ці можа чалавек абкрадваць Бога? Вы абкрадваеце Мяне. І вы кажаце: «У чым мы абкрадваем Цябе?» У дзесяціне і ахвяраваньнях. 
Праклёнам вы праклятыя, бо Мяне вы абкрадваеце, увесь народ ваш. 
Прынясіце ўсю дзесяціну ў дом скарбніцы, і будзе ежа ў Доме Маім, і выспрабуйце Мяне ў гэтым, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, ці не адчыню Я для вас вокны нябесныя, і ці ня выльлю на вас дабраславенства больш, чым досыць? 
І Я ўтаймую дзеля вас тых, якія зьядаюць ураджай, і яны ня будуць нішчыць у вас плод зямлі, і ня будзе скідваць плады вінаградная лаза вашая ў полі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
І шчасьлівымі будуць называць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю жаданаю, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
Прыкрыя былі супраць Мяне словы вашыя, кажа ГОСПАД. А вы кажаце: «Што мы гаварылі супраць Цябе?» 
Вы казалі: «Марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы захоўвалі загады Ягоныя і што хадзілі ў жалобе перад абліччам ГОСПАДА Магуцьцяў? 
І цяпер мы шчасьлівымі называем свавольных. Уладкаваліся нават тыя, якія робяць нягоднасьць, нават тыя, якія выпрабоўваюць Бога, уцякаюць ад кары». 
Тады тыя, якія баяцца ГОСПАДА, гаварылі адзін да аднаго. І прыхіліў вуха ГОСПАД, і пачуў, і была напісаная кніга памяці перад абліччам Ягоным пра тых, якія баяцца ГОСПАДА і якія шануюць імя Ягонае. 
І яны будуць Маімі, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, у дзень, калі Я зраблю іх уласнасьцю Маёй і зьлітуюся над імі, як чалавек літуецца над сынам сваім, які служыць яму. 
І вы навернецеся, і ўбачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожнікам, паміж тым, хто служыць Богу, і тым, хто ня служыць Яму. 
