﻿МАЛАХІЯ.
2.
І цяпер для вас прыказаньне гэтае, сьвятары. 
Калі вы не паслухаеце, і калі ня прыймеце да сэрца, каб даваць славу імені Майму, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я пашлю на вас праклён і пракляну дабраславенствы вашыя, і нават ужо праклінаю, бо вы ня прыймаеце гэтага да сэрца. 
Вось, Я пакараю насеньне вашае і накідаю гной на абліччы вашыя, гной сьвяточных ахвяраў вашых, і вынясуць вас разам з ім. 
І вы даведаецеся, што Я паслаў вам прыказаньне гэтае, каб быў запавет Мой з Левіем, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
Запавет Мой з ім быў жыцьцём для яго, і Я даў яму страх, і ён баяўся Мяне, і перад абліччам імя Майго быў напоўнены страхам. 
Закон праўды быў на вуснах ягоных, і беззаконьне не было знойдзена ў вуснах ягоных. У супакоі і справядлівасьці ён хадзіў са Мной і шмат каго адвярнуў ад беззаконьня. 
Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веданьне, і закону шукаюць з вуснаў ягоных, бо ён — пасланец ГОСПАДА Магуцьцяў. 
Але вы зьвярнулі са шляху, і зрабілі, што шмат людзей спатыкнуліся ў Законе, зьнішчылі запавет Левія, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
І Я таксама зраблю вас пагрэбаванымі і прыніжанымі перад усім народам, бо няма сярод вас тых, якія захоўваюць шляхі Мае і падымаюць аблічча на Закон. 
Хіба не адзін Айцец у-ва ўсіх нас? Хіба не адзін Бог стварыў нас? Чаму кожны здраджвае брату свайму, зьневажаючы запавет бацькоў нашых? 
Здрадзіў Юда, і ўчынена агіда ў Ізраілі і ў Ерусаліме, бо Юда зьняважыў сьвятыню ГОСПАДА, якую Ён любіць, і ўзяў за жонку дачку бога чужога. 
Няхай ГОСПАД выгубіць кожнага з намётаў Якуба, хто робіць гэта, і таго, хто бачыць гэта, і хто абараняе, хоць бы ён прыносіў дар ГОСПАДУ Магуцьцяў. 
І яшчэ другое вы робіце: абліваеце сьлязьмі ахвярнік ГОСПАДА з плачам і стогнам. Ён ужо не зьвяртае ўвагі на дары і не прыймае іх зычліва з рук вашых. 
І вы кажаце: «За што?» Бо ГОСПАД быў сьведкам паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, якой ты здрадзіў, а яна — сяброўка твая і жонка запавету твайго. 
Ці ж ня Бог адзін зрабіў нас, і рэшта духу належыць Яму. І што шукае адзіны Бог? Насеньня Божага. Таму захоўвайце дух ваш, і няхай ніхто ня здраджвае жонцы маладосьці сваёй. 
Бо Я ненавіджу развод, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, і таго, хто пакрывае ліхадзействам адзеньне сваё. Таму захоўвайце дух ваш, і ня здраджвайце. 
Вы стамілі ГОСПАДА словамі вашымі, і вы кажаце: «Чым мы стамілі?» Размовамі вашымі: «Кожны, хто робіць ліха — добры ў вачах ГОСПАДА, і Ён мае ўпадабаньне ў іх», альбо: «Дзе Бог суду?» 
