﻿ЗАХАРЫЯ.
14.
Вось, надыходзіць дзень ГОСПАДА, і падзеляць здабычу тваю пасярод цябе. 
І Я зьбяру ўсе народы супраць Ерусаліму на бітву, і горад будзе здабыты, і дамы будуць разрабаваныя, і жанчыны будуць зьняслаўленыя, і палова гораду пойдзе ў палон, але рэшта народу ня будзе вынішчана з гораду. 
І выйдзе ГОСПАД, і будзе ваяваць з народамі гэтымі, як у дзень змаганьня Ягонага, як у дзень бітвы. 
І стануць ногі Ягоныя ў той дзень на гары Аліўнай, якая перад абліччам Ерусаліму з усходу; і рашчэпіцца гара Аліўная папалам, на ўсход і на захад, і будзе даліна вельмі вялікая, і пасунецца палова гары на поўнач, а палова — на поўдзень. 
І вы будзеце ўцякаць у даліну гор Маіх, бо даліна гор будзе сягаць аж да Ацэлу; і вы будзеце ўцякаць, як уцякалі перад землятрусам у дні Узіі, валадара Юды; і прыйдзе ГОСПАД, Бог мой, і ўсе сьвятыя з Ім. 
І станецца ў той дзень, што ня будзе сьвятла каштоўнага, але цемра і холад. 
І станецца адзіны той дзень, вядомы ГОСПАДУ, ані дзень, ані ноч; і станецца, што ў часе вячэрнім будзе сьвятло. 
І станецца ў той дзень, што пацякуць воды жывыя з Ерусаліму, палова іх — у мора ўсходняе, і палова іх — у мора заходняе; улетку і ўзімку будзе гэта. 
І будзе ГОСПАД Валадаром над усёю зямлёй. У той дзень будзе ГОСПАД адзін, і імя Ягонае — адно. 
І ўся зямля будзе як раўніна ад Гевы да Рымону, які на поўдні ад Ерусаліму, і ён будзе ўзьняты, і будзе заселены на месцы сваім, ад Брамы Бэн’яміна і да месца Брамы Першай, аж да Брамы Нарожнай, і ад Вежы Хананэля аж да тоўчні валадара. 
І будуць жыць у ім, і ўжо ня будзе там вынішчэньня з закляцьцем, але будзе жыць Ерусалім у бясьпецы. 
І гэта будзе пляга, якой ГОСПАД ударыць усе народы, якія будуць ваяваць супраць Ерусаліму: цела іхняе згніе, хоць яны будуць стаяць на нагах сваіх, і вочы іхнія згніюць у вачніцах іхніх, і язык іхні згніе ў роце іхнім. 
І станецца ў той дзень, што вялікае замяшаньне ад ГОСПАДА будзе сярод іх і схопіць кожны адзін аднаго за руку, і падымецца рука ягоная на руку бліжняга свайго. 
І Юда таксама будзе ваяваць у Ерусаліме, і будзе сабранае багацьце ўсіх народаў навокал: золата, срэбра і адзеньне ў мностве вялікім. 
І такая самая пляга як пляга гэтая будзе на каня, мула, вярблюда і асла, і на ўсякую жывёлу, якая будзе ў табарах гэтых. 
І станецца, што кожны пазасталы з усіх народаў, якія прыходзілі супраць Ерусаліму, будуць узыходзіць год у год, каб пакланіцца Валадару, ГОС­ПАДУ Магуцьцяў, і сьвятка­ваць Сьвята Намётаў. 
І станецца, калі хто ня ўзыйдзе разам з сем’ямі зямлі ў Ерусалім, каб пакланіцца Валадару, ГОСПАДУ Магуцьцяў, на таго ня будзе ісьці дождж. 
І калі сем’і Эгіпту ня ўзыйдуць і ня прыйдуць, будзе на іх пляга, якой ударыць ГОСПАД народы, якія не ўзыйшлі, каб сьвяткаваць Сьвята Намётаў. 
Гэта будзе за грэх Эгіпту і за грэх усіх народаў, якія не ўзыйшлі, каб сьвяткаваць Сьвята Намётаў. 
У той дзень будзе на бомах конскіх напісана: “Сьвятое для ГОСПАДА”, і будуць казаны ў Доме ГОСПАДА, як тыя крапільніцы перад ахвярнікамі. 
І будуць усе казаны ў Ерусаліме і ў Юдзе сьвятымі для ГОСПАДА Магуцьцяў. І прыйдуць усе, хто складае ахвяру, і возьмуць, і будуць варыць у іх, і ня будзе ўжо Хананейца ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў у той дзень.
