﻿ЗАХАРЫЯ.
12.
Цяжар слова ГОСПАДА пра Ізраіля. Кажа ГОСПАД, Які расьцягнуў неба, і заснаваў зямлю, і ўкшталтаваў дух чалавека ў нутры ягоным. 
Вось, Я зраблю Ерусалім келіхам хістаньня для ўсіх народаў навокал, і таксама будзе для Юды, калі будуць аблягаць Ерусалім. 
І станецца ў той дзень, што Я зраблю Ерусалім цяжкім камянём для ўсіх народаў. Усе, якія будуць падымаць яго, калецтвам скалечацца, і зьбяруцца супраць яго ўсе народы зямлі. 
У той дзень, кажа ГОСПАД, Я ўдару кожнага каня жахам, а вершніка ягонага — шаленствам; і на дом Юды Я адкрыю вочы Мае, а ўсіх коней народаў Я ўдару сьлепатою. 
І скажуць князі Юды ў сэрцы сваім: «Сіла для жыхароў Ерусаліму — у ГОСПАДЗЕ Магуцьцяў, Богу іхнім». 
У той дзень Я зраблю князёў Юды як казан з агнём сярод дроваў і як паходню запаленую сярод снапоў, і яны пажаруць справа і зьлева ўсе народы навокал, і Ерусалім будзе зноў населены на месцы сваім, у Ерусаліме. 
І збавіць ГОСПАД спачатку намёты Юды, каб не вывышалася слава дому Давіда і слава жыхароў Ерусаліму па-над Юду. 
У той дзень будзе бараніць ГОСПАД жыхароў Ерусаліму, і той, які спатыкаецца сярод іх, у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл ГОСПАДА перад абліччам іхнім. 
І станецца ў той дзень, што Я буду шукаць, каб зьнішчыць усе тыя народы, якія выйдуць супраць Ерусаліму. 
І Я выльлю на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліму Дух ласкі і маленьня, і яны будуць глядзець на Таго, Якога яны прабілі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзіным сыне, і будуць горка плакаць па Ім, як горка плачуць па першародным. 
У той дзень будзе вялікае галашэньне ў Ерусаліме, як галашэньне Гадад-Рымона ў даліне Мэгідо. 
І зямля будзе галасіць, кожная сям’я асобна: сям’я дому Давіда асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я дому Натана асобна, і жанчыны іхнія асобна; 
сям’я дому Левія асобна, і жанчыны іхнія асобна; сям’я Шымэя асобна, і жанчыны іхнія асобна, 
усе сем’і, якія засталіся, кожная сям’я асобна, і жанчыны іхнія асобна. 
